Панядзелак, 26 Красавік 2021

Жонцы палітвязня Дзмітрыя Кулакова дапамаглі талакою

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Юлія Кулакова з дзецьмі Юлія Кулакова з дзецьмі

Жонка палітвязня Дзмітрыя Кулакова, які адбывае «хімію» ў Шклове, адна выхоўвае дваіх дзяцей. Пасля таго як забралі мужа і бацьку, сям'я аказалася ў цяжкім фінансавым становішчы. На дапамогу прыйшлі неабыякавыя беларусы.

30-гадовага Дзмітрыя Кулакова з Шуміліна ў снежні 2020 году прысудзілі да трох з паловай гадоў «хіміі», прызнаўшы вінаватым у абразе супрацоўніка міліцыі (арт. 369 КК) і пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да міліцыянта (арт.364 КК). Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў горад Шклоў, а дома з двума непаўналетнімі дзецьмі засталася жонка Юлія.

Як расказала Юлія Кулакова, яе муж знаходзіцца ў шклоўскай папраўчай установе адкрытага тыпу №49 і працуе на пілараме. Да арышту Дзмітрый быў асноўным у сямʼі «здабытчыкам», ездзіў па Беларусі – рабіў альтанкі і каркасныя хаты. Зараз жа ўсе фінансавыя клопаты ляглі на плечы Юліі.

Неабходна ўтрымліваць двух непаўналетніх дзяцей – дзевяці і трох з паловай гадоў, – вазіць прадукты мужу, дапамагаць яму з аплатай утрымання на «хіміі», а таксама аплачваць арэнду кватэры ды камуналку. Свайго жылля ў Кулаковых няма, у Шуміліна жывуць ад 2016 году (самі з Лепельшчыны).

Юлія працуе пазменна на мясцовым сырзаводзе (у рэжыме два дні праз два). Заробак невялікі, але лепшую працу ў Шуміліне знайсці немагчыма. Альбо сырзавод, альбо птушкафабрыка. Каб звесці канцы з канцамі, жанчына была вымушаная звярнуцца па дапамогу.

«1000 рублёў – бюджэт на 3 месяцы для ўтрымання мужа, частковую аплату камуналкі, рэчы першай неабходнасці для мужа і дзяцей (шкарпэткі, бялізна), для куплі праязнога (муж ездзіць на працу на аўтобусе)», – размясціла паведамленне на адной з платформаў.

Неабходная сума была сабраная вельмі хутка. «Я не ведала, што такое магчыма: я думала, што грошы не збяруцца», – дзеліцца Юлія.

Юлія збіраецца бліжэйшымі днямі зʼездзіць у Шклоў да мужа, якога не бачыла ўжо больш за месяц.

Уладзімір Бяляўскі