Серада, 16 Студзень 2019

Міхаіл Жамчужны: “Што б са мной ні адбывалася – у пятлю не палезу”

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Як пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі ламае няўгодных вязьняў: пагрозы, правакацыі, расправы. Між тым, грамадзкая назіральная камісія (ГНК) заяўляе, што ўсё ў парадку, скаргаў няма... Яшчэ адна жудасная гісторыя, якая распавядаецца ў межах мультымэдыяпраекту ПЦ “Вясна” #БезПраваНаРасправу.

У 2012 годзе пасьля адбыцьця пакараньня па “эканамічным артыкуле” Міхаіл Жамчужны, якога ў зьняволеньні характарызавалі як чалавека, які актыўна адстойвае сваю пазыцыю, які дапамагае парадамі іншым зьняволеным, далучыўся да вядомай у той час праваабарончай арганізацыі “Пляцформа”. Неўзабаве стаў заснавальнікам “Пляцформы інавэйшан” – юрыдычнай асобы, створанай для таго, каб легалізаваць дзейнасьць «Пляцформы».

Дзейнасьць Жамчужнага на той пэрыяд не была публічнай. Сваю задачу Міхаіл бачыў у зборы зьвестак аб парушэньнях закону службовымі асобамі на Віцебшчыне, пра выпадкі гібелі зьняволеных у закрытых установах ды іншых праблемах.

Такім чынам, у 2013 годзе Жамчужны дамовіўся са знаёмым супрацоўнікам міліцыі пра тое, што той будзе паведамляць яму цікавыя зьвесткі. Свае паслугі супрацоўнік ацэньваў немудрагеліста: 100 даляраў за “займальны” факт.

Аднак усё аказалася ня так проста: усе чатыры эпізоды “супрацоўніцтва” былі праведзеныя ў межах апэратыўнага экспэрымэнту пад кантролем УКДБ па Віцебскай вобласьці.

“Мэтай экспэрымэнту пад кантролем КДБ стала “выяўленьне сувязяў з замежнымі грамадзянамі”, у мэтах... выяўленьня каналаў сувязі і праверкі Жамчужнага на дачыненьне да шпіянажу!”

Прысуд Міхаілу Жамчужнаму і ацэнкі працэсу праваабаронцамі

Пры ацэнцы сытуацыі праваабаронцы ўлічылі, што такія дзеяньні КДБ цалкам укладаюцца па сэньсе ў праводжаную Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ў 2012-2014 гадах сэрыю рэзанансных затрыманьняў і абвінавачваньняў у здрадзе дзяржаве (А. Гайдукова, А. Алесіна, В. Лазара), якія ня скончыліся вынясеньнем адпаведных абвінаваўчых прысудаў, але ў значнай ступені мелі на мэце падвысіць ролю і значнасьць КДБ у дзяржаве сумнеўнымі для дэмакратычнага грамадзтва мэтадамі. Таксама судом было неабвержна ўстаноўлена, што матывамі дзейнасьці Міхаіла Жамчужнага не зьяўлялася карысьлівасьць альбо атрыманьне якіх-небудзь іншых выгадаў.

Менавіта таму праваабаронцы прыйшлі да высновы, што асуджэньне Міхаіла Жамчужнага зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным і запатрабавалі для яго неадкладнага перагляду судовага прысуду пры захаваньні права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.

Паводле звестак ПЦ “Вясна”, утрыманьне Міхаіла Жамчужнага ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы суправаджалася неаднаразовымі грубымі парушэньнямі ягоных правоў. Гэтак, у пэрыяд утрыманьня ў СІЗА-2 г. Віцебску, ён паведамляў аб зьбіцьці супрацоўнікамі ізалятара. Таксама неаднаразова інфармаваў праваабаронцаў аб парушэньні ягонага права на абскарджаньне працэсуальных рашэньняў у дачыненьні да яго і дзеяньняў адміністрацый папраўчых устаноў.

Фота: ПЦ "Вясна"

Знаходзячыся ў ПК №14 (Навасады), палітвязень неаднаразова падпадаў пад неабгрунтаваныя спагнаньні, быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму ўтрыманьня і пастаўлены на прафіляктычны ўлік як “схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасьці”. На пачатку 2017 году адміністрацыя ПК № 14 без дастатковых на тое падстаў зьвярнулася ў суд з просьбай зьмяніць рэжым утрыманьня Жамчужнага на турэмны, які прадугледжвае максымальную колькасьць абмежаваньняў для асуджанага. Аднак пазьней вытворчасьць па справе аб пераводзе была спыненая зь ініцыятывы адміністрацыі калёніі.

Нечакана для вязьня ўвесну 2017 году ён быў пераведзены для далейшага адбыцьця пакараньня ў папраўчую калёнію №11 у Ваўкавыск. Аднак там ён затрымаўся нядоўга: ужо 10 ліпеня 2017 году ён быў пераведзены ў калёнію №9 г. Горкі. Сярод зьняволеных гэтая калёнія мае дурную славу: адміністрацыя высоўвае неапраўдана жорсткія рэжымныя патрабаваньні. На думку тых, хто адбываў зьняволеньне ў Горках – Мікалая Дзядка і Зьмітра Дашкевіча, – ПК-9 выкарыстоўваецца для аказаньня ціску ня толькі на палітвязьняў, але і на прадстаўнікоў крымінальных груп, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Тут практыкуецца ўжываньне супраць асуджаных нефармальных зэкаўскіх “паняцьцяў”. Няўгодных спрабуюць перавесьці ў своеасаблівую касту недатыкальных, якія выконваюць самую брудную працу, становяцца ізгоямі, выгнанцамі – гэта і ёсьць “нізкі статус”.

У верасьні 2017 году Жамчужны здолеў паведаміць, што ў дачыненьні да яго двойчы спрабавалі ўчыніць правакацыю з удзелам іншых зьняволеных – каб панізіць ягоны статус у асяродзьдзі зьняволеных. Ягоныя жыцьцё, здароўе і асабістая годнасьць аказаліся пад пагрозай.

Як адбываліся правакацыі ў дачыненьні да Жамчужнага ў калёніі ў Ваўкавыску і ў Горках?

У сувязі з памянёным ПЦ “Вясна” зьвярнуўся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. У звароце падкрэсьлівалася, што асаблівую занепакоенасьць у праваабаронцаў выклікае той факт, што ў ПК №9 для Міхаіла Жамчужнага створаныя невыносныя па сваёй жорсткасьці і зьневажальным характары ўмовы адбыцьця пакараньня, ладзіцца кампанія цкаваньня і запалохваньня, якая мае на мэце максымальна ізаляваць палітвязьня ад астатніх зьняволеных, абмежаваць яго ў правох і паставіць пад пагрозу ягонае жыцьцё і здароўе. Больш за тое, працягваюцца спробы прынізіць яго чалавечую годнасьць.

10 кастрычніка 2017 году адміністрацыя калёніі ініцыявала перавод Жамчужнага ў турму. Але, што дзіўна, і тут здарылася гісторыя, падобная на тую, што колісь здарылася ў Навасадах: пасьля некалькіх пасяджэньняў адміністрацыя адмовілася ад сваіх патрабаваньняў, і зьняволены застаўся ў Горках.

Як стала вядома праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 6 сьнежня 2017 году палітвязень Міхаіл Жамчужны быў пакараны 10 соднямі ШІЗА за “невыкананьне законнага патрабаваньня прадстаўніка адміністрацыі ісьці ў атрад”. На той момант гэта было ўжо 14-е пакараньне ШІЗА і ПКТ, якое наклалі на Жамчужнага за час яго знаходжаньня ў калёніі №9 г. Горкі, куды ён быў пераведзены ў ліпені бягучага года.

“Што б са мной ні адбывалася, я вешацца ня буду, са здароўем у мяне ўсё ў парадку”, – такія словы перадаў на волю Міхаіл Жамчужны.

Міхаіл Жамчужны зьвязвае ўзмацненьне ціску на яго з распачатым абскарджаньнем вынесеных спагнаньняў у судовым парадку.

А ўжо напрыканцы студзеня 2018 году “Вясьне” стала вядома пра вельмі небясьпечныя здарэньні, якія адбываліся з Жамчужным ў Горацкай калёніі №9.

24 студзеня каля абеду палітвязень быў пакінуты без аховы і нагляду ў калідоры санчасткі і ў выніку быў зьбіты іншым асуджаным – у чорных акулярах, вязаных чорных пальчатках і шапцы. Нападнік схапіў Міхаіла Жамчужага левай рукой за горла і некалькі разоў ударыў па галаве. Пры гэтым – выказаў пагрозу, што, калі сустрэне Жамчужнага ў калёніі, “распусьціць на ніткі”. Па гэтым інцыдэнце палітвязень падаў скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці.

Аб тым, што адбываецца са зьняволеным у гэтай калёніі, можна меркаваць па яго шматлікіх зваротах у суд.

Судовыя пасяджэньні па скаргах Жамчужнага праходзяць па аднастайным сцэнары: зьняволенага для ўдзелу ў судовым паседжаньні не прывозяць, яго інтарэсы прадстаўляе адвакат. Прадстаўнік калёніі адхіляе ўсе прэтэнзіі зьняволенага. Магчымасьці прадставіць сьведкаў або якія-небудзь іншыя доказы сваёй правасьці ў зьняволенага, са зразумелых прычын, адсутнічаюць: бо хто са зьняволеных будзе сьведчыць супраць адміністрацыі? Хто з прадстаўнікоў адміністрацыі будзе прызнаваць існаваньне і тым больш – выкарыстаньне ў інтарэсах адміністрацыі крымінальных традыцый?..

Тыповыя падставы для звароту са скаргай у суд і тыповыя рашэньні судоў Горацкага раёну:

Спроба вырвацца з кола штампаваных судовых рашэньняў была зроблена ў лютым 2018 года: праваабаронцы накіравалі ў ГНК пры ўпраўленьні юстыцыі Магілёўскай вобласьці заяву з апісаньнем сытуацыі з Жамчужным і просьбай наведаць яго ў калёніі.

Што такое ГНК?

Грамадзкая назіральная камісія фармуецца з прадстаўнікоў грамадзкіх аб'яднаньняў. Магілёўская – адзіная абласная ГНК, у складзе якой ёсьць прадстаўнік праваабарончай арганізацыі – Магілёўскага праваабарончага цэнтру. ГНК мае права з папярэдняга дазволу ДВП наведваць калёніі і правяраць умовы ўтрыманьня зьняволеных. На справе гэта выглядае як нячастая – 1-2 наведваньні за год, –  экскурсія, дзе сябрам ГНК паказваюць нейкія памяшканьні, даюць магчымасьць задаць пару пытаньняў загадзя падрыхтаваным зьняволеным. Праваабаронцы ў цэлым ацэньваюць гэты інстытут як неэфэктыўны.

Ды й пра якую эфэктыўнасьць можа ісьці гаворка, калі сам міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі, выступаючы на сэмінары “Грамадзкі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сыстэмы” заявіў, як той казаў, не ў брыво, а ў вока:

“За больш чым дзесяцігадовы пэрыяд працы камісій у Міністэрства юстыцыі ад іх (зьняволеных - заўв.) не паступала інфармацыі, якая сьведчыла б пра факты жорсткага альбо зьневажальнага годнасьць абыходжаньня, пакараньня ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы”.

Дадаць тут няма чаго...

А вось старшыня Рэспубліканскай назіральнай камісіі Тацяна Краўчанка яшчэ больш шчырая ў сваіх развагах.

БелаПАН так перадаў словы Краўчанка:

“У нас ёсьць такі выпадак – адзін зьняволены пастаянна скардзіцца... Ён ужо памяняў чатыры ці пяць папраўчых устаноў. Гэта пра Жамчужнага, ён ужо ва ўсіх на слыху. Мы спэцыяльна выяжджалі ў Магілёў, дзе ён зараз адбывае пакараньне, і нічога такога ня ўбачылі. <...> Вы мне даруйце, але гэта ня дом адпачынку і не санаторый, каб яму стваралі асаблівыя ўмовы”.

Мы зь ім сустракаліся, і ён казаў тое ж самае. Ён усім кажа адно і тое ж, на жаль. Але не заўсёды трэба верыць таму, што ён кажа. Я ня думаю, што насамрэч усё так, як ён кажа. Калі чалавек памяняў пяць папраўчых устаноў, гэта пра нешта гаворыць. І там яму дрэнна, і там. Так жа не бывае!”.

Камэнтуючы заявы праваабаронцаў пра тое, што Жамчужнаму ў калёніі спрабуюць навязаць неафіцыйны “нізкі статус”, старшыня камісіі сказала:

“Гэта ня праўда. Мы размаўлялі з асуджанымі, якія кажуць, што такога няма, што яны самі б не дапусьцілі, каб іх пасялілі ў адным атрадзе з такімі людзьмі, пра якіх вы кажаце”.

На рэпліку аб тым, што Жамчужнага часта і надоўга зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, Краўчанка сказала: “Дык ён ня хоча адтуль выходзіць”.

Але не заўсёды варта верыць і таму, што кажа Краўчанка.

Вось што сэнатар Краўчанка адказала праваабаронцы Тацяне Равяка на яе зварот:

“Правесьці гутарку з асуджаным Жамчужны М.І. не прадставілася магчымым”, - заявіла старшыня рэспубліканскай назіральнай камісіі Тацяна Краўчанка.

Схітравала, мякка кажучы, дасьведчаная “чыноўніца”...

Дастаткова зірнуць на копію адказу Магілёўскай ГНК, дзе ясна гаворыцца, што падчас перамоваў з адміністрацыяй калёніі аб дазволе сябрам ГНК на сустрэчу з асуджаным Жамчужны М.І. прысутныя члены рэспубліканскай камісіі заўсёды падтрымлівалі пазыцыю кіраўніцтва ПК №9 і УДВП МУС Магілёўскай вобласьці.

Юрыст “Вясны” і “Магілёўскага праваабарончага цэнтру” Барыс Бухель, які ўваходзіць у склад грамадзкай назіральнай камісіі па Магілёўскай вобласьці, паведаміў, што ад пачатку году ГНК наведала папраўчую калёнію №2 г. Бабруйску і №9 г. Горкі. Гэта адбылося пасьля атрыманьня скаргаў ад грамадзян, якія былі занепакоеныя створанымі адміністрацыямі ўмовамі ўтрыманьня двух асуджаных – Зьмітра Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязьнямі.

Дагэтуль ГНК уяўляюць зь сябе кампаніі “вясельных генэралаў”. Але гэткае сумнае становішча трэба мяняць”, - перакананы Барыс Бухель.

“Сустрэцца і ў прысутнасьці супрацоўнікаў ПК пагаварыць з абодвума асуджанымі нам не дазволілі, нягледзячы на нашыя неаднаразовыя просьбы. Забароны ў абодвух выпадках зыходзілі найперш ад начальніка УДВП МУС па Магілёўскай вобласьці палкоўніка Юрыя Талкачова, які 13 сакавіка асабіста прысутнічаў у калёніі №9 падчас яе наведваньня сябрамі рэспубліканскай і нашай камісій. Дарэчы, сябы РГНК не настойвалі на сустрэчы з Міхаілам Жамчужным”, - распавёў Барыс Бухель падчас свайго выступу на вышэйзгаданым сэмінары.

Шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый падпісаліся пад зваротам да кіраўніка дзяржавы, у якім просяць памілаваць палітвязьня Міхаіла Жамчужнага і вызваліць яго ад далейшага адбыцьця пакараньня.

“Асуджэньне і ўмовы адбыцьця пакараньня Міхаілам Жамчужным былі абмеркаваныя і на пасяджэньні Камітэта супраць катаваньняў ААН у траўні 2018 году падчас прэзэнтацыі пятага пэрыядычнага дакладу Беларусі. Сваю заклапочанасьць сытуацыяй, якая склалася з Жамчужным, неаднаразова выказвалі прадстаўнікі міжнародных і праваабарончых арганізацый, у тым ліку Эўрапейскі парлямэнт і Камітэт супраць катаваньняў”, - адзначаюць яны ў сваім звароце.

#БезПраваНаРасправу