Пятніца, 22 Лістапад 2019

Барыс Хамайда ўзьняў у гонар Каліноўскага бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Барыс Хамайда з плякатам і сьцягам у цэнтры Віцебску Барыс Хамайда з плякатам і сьцягам у цэнтры Віцебску

Вядомы апазыцыянэр Барыс Хамайда выйшаў 22 лістапада да «сіняга дому» ў Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам, каб аддаць даніну павагі і памяці нацыянальнаму герою Беларусі Кастусю Каліноўскаму, чые парэшткі ў гэты дзень перапахаваюць у Вільні (Літва).

У руках Барыс Хамайда трымаў плякат, на якім было напісана: «Сёньня, 22.11.2019, у Вільні адбываецца перапахаваньне нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гг. Слава Героям!»

«Мы больш за паўтара стагодзьдзя ня ведалі, дзе пахаваны наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі і толькі нядаўна даведаліся... Я ня маю сёньня магчымасьці быць там, у Вільні, на перапахаваньні. Але трэба неяк аддаць даніну павагі нацыянальнаму герою нашай краіны. Таму я вырашыў выйсьці з тлумачальным плякатамі і зь бел-чырвона-белым сьцягам», – патлумачыў Барыс Хамайда «Віцебскай Вясьне».

Абышлося без затрыманьня.

Нагадаем, парэшткі аднаго з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага былі выяўленыя і ідэнтыфікаваныя на гары Гедыміна ў Вільні ў 2017 годзе – праз 153 гады пасьля таго, як ён быў павешаны на загад расейскіх уладаў.

22 лістапада ў Вільні адбываюцца ўрачыстасьці перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў. Яны будуць перапахаваныя на могілках Росы ў Вільні. У цырымоніі ўдзельнічаюць біскупы і ваенныя капланы Літвы, Польшчы і Беларусі. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі прадстаўляе віцэ-прэм'ер Ігар Петрушэнка. Лукашэнка ў Вільню не паехаў.

Урачыстае перапахаваньне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гадоў зь Вільні можна глядзець онлайн на тэлеканале «Белсат».

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.