Як кажуць актывісты, падаючы заяўкі, на цуд не спадзяваліся, бо папярэдне заключаных дамоваў на абслугоўваньне імпрэзаў з гарадзкой паліклінікай, ЖКГ і абласной міліцэйскай управай на руках ня мелі. З часу набыцьця моцы сумна вядомым рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», якое вымагае гэтых дамоваў, яшчэ ніхто з прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў ня змог атрымаць дазволу на правядзенне якога-небудзь масавага мерапрыемства нават у вылучаных для гэтых мэтаў уладамі месцах.
У сваёй адмове Яну Дзяржаўцаву намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Натальля Ляпёшкіна была нешматслоўнай: адсутнічаюць дамовы, прадугледжаныя артыкулам 3 рашэньня гарвыканкаму №881, – значыць «забараняю правядзеньне заяўленага масавага мерапрыемства ў парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў».
Аблвыканкам не дазволіў шэсьце ад плошчы Перамогі да плошчы Леніна і мітынг ля будынку філярмоніі зь некалькіх прычынаў. Сярод стандартных – адсутнасьць дамоваў з гарадзкімі службамі і спасылка на тое, што заяўленыя месцы не ўваходзяць у лік дазволеных уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Але ёсьць у адказе і новая зачэпка: чыноўнікі ўгледзелі з боку заяўніка парушэньне патрабаваньняў артыкулу 9 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», бо мерапрыемствы мусілі адбыцца на адлегласьці бліжэй за 200 мэтраў ад падземных пешаходных пераходаў і будынку тэлерадыёкампаніі «Віцебск».
Як адзначыў Ян Дзяржаўцаў, ня даўшы грамадзянам магчымасьці 25 сакавіка вольна выказацца адносна праблемаў, што існуюць у краіне і горадзе, віцебскія ўлады праігнаравалі ня толькі пратэставыя настроі месьцічаў, але і нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра выдзяленьне ў гарадох плошчаў з гукаўзмацняльным абсталяваньнем, дзе народ мог бы выказваць свае меркаваньні.
Варта адзначыць, што адзін з заяўнікаў шэсьця і мітынгу, актывіст руху «За свабоду» Леанід Гаравы, яшчэ да афіцыйнай забароны адмовіўся ад намеру быць арганізатарам масавых акцыяў. У асобнай заяве на імя старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва спадар Гаравы прапанаваў «да 25 сакавіка ў г. Віцебску і ў іншых гарадох Віцебшчыны вызначыць месцы ў цэнтральнай частцы гарадоў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў – сходаў, мітынгаў, пікетаваньняў – паводле заяўнага мэтаду без пабораў з боку міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў. Гэта будзе спрыяць мірнаму дыялёгу ў грамадзтве для абмеркаваньня праблемаў і пытаньняў, што існуюць, а таксама паспрыяе ўмацаваньню незалежнасьці Беларусі, бо толькі неабыякавыя грамадзяне могуць быць падмуркам сувэрэннай дзяржавы».
Паводле заканадаўства аб зваротах грамадзян, заява актывіста руху «За свабоду» можа быць разгледжаная ў тэрмін да 30-ці дзён. Таму малаімаверна, што да Дня Волі віцебчукам будзе дазволена зьбірацца ў цэнтры гораду, як прапаноўваў Аляксандар Лукашэнка.
С. Горкі