На разгляд заявы пра мітынг Яўгена Парчынскага запрасілі ў райвыканкам. Прадстаўніку Яўгена, які прыйшоў разам зь ім, чыноўнікі райвыканкаму забаранілі прысутнічаць разам зь ім на паседжаньні камісіі.
Прадстаўніком быў Мікола Шарах, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага па Віцебскай вобласьці. Намесьнік старшыні райвыканкаму Пётар Пяткевіч заявіў, што ён не чытаў Канстытуцыі Беларусі, таму не разумее сэнс артыкулу 62, якая гарантуе, што «кожны мае права... карыстацца ў любы момант дапамогай... сваіх прадстаўнікоў у... органах мясцовага кіраваньня... і ў стасунках са службовымі асобамі».
Камісія райвыканкаму зь пяці чалавек забараніла мітынг і папярэдзіла заяўніка, што ўлады будуць арыштоўваць удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу, калі ён адбудзецца. У камісію выканкаму ўваходзілі: намесьніца начальніка аддзелу ідэалёгіі Ганебная Натальля, начальнік міліцыі (РАУС) Вараб'ёў Віктар, начальнік юрыдычнага аддзелу – Парфёнава Анжаліка, кіраўнік справаў – Труханаў Сяргей, намесьнік старшыні па сацыяльных пытаньнях – Пяткевіч Пётар.
У заяўцы, пададзенай на правядзеньне мітынгу 26 сакавіка ў Полацку, сказана:
«Мэта мітынгу:
– Абарона сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі;
– Выказваньне пратэсту ў сувязі з прыняцьцем дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства»;
– Выказваньне пратэсту ў сувязі з павышэньнем пэнсійнага ўзросту;
– Аб'яднаньне намаганьняў грамадзян у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы».
У пісьмовай забароне райвыканкаму гаворыцца: «Ваша заява пра правядзеньне мітынгу разгледжаная Полацкім райвыканкамам. У сувязі з тым, што ваша заява пададзеная з парушэньнем артыкулаў 5, 6, 9 закону Рэспублікі Беларусь аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, Полацкі райвыканкам забараняе правядзеньне мітынгу 26 сакавіка з 12:00 да 13:00 гадзін. У адпаведнасьці з артыкулам 7 закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў адмова можа быць абскарджаная ў судовым парадку. Подпіс – першы намесьнік старшыні Полацкага райвыканкаму С.Д. Лейчанка».
Яўген Парчынскі распавёў, што прадстаўнікі райвыканкаму размаўлялі ветліва, але папярэдзілі, што калі хто-небудзь з маих сяброў і знаёмых прыйдзе на мітынг 26 сакавіка, то будуць забіраць самых актыўных, як гэта рабілі ў іншых гарадох.
«Мітынг адбудзецца ў любым выпадку, бо той жа прэзідэнт сказаў: Не замінайце людзям зьбірацца на плошчах. Таму людзі прыйдуць і будуць выяўляць сваю волю што да таго, як жывецца нам цяпер», – сказаў Яўген Парчынскі.
А тым часам улады распарадзіліся распачаць рамонт старой пліткі на цэнтральнай плошчы, дзе мяркуецца правядзеньне народнага мітынгу супраць дэкрэту №3. Рабочыя, якія мяняюць плітку, паведамілі, што рамонт будзе доўжыцца некалькі тыдняў.
https://vitebsk.dns.army/news/mirnyja-skhody/item/2246-polatskiya-ulady-admovili-gramadzyanam-u-pravyadzenni-mityngu-26-sakavika#sigProIdd0bb5333be
Аляксандар Марозаў