Вось і гэтым разам, раніцай 17 жніўня, беларускія памежнікі ў памежнай зоне Верхнядзьвінскага раёну спынілі легкавік «Лада», у якім знаходзіліся двое грамадзян Расеі. Дакумэнтаў на права знаходжаньня ў памежнай зоне яны прад'явіць не змаглі. Як высьветлілася пазьней, адзін зь іх, выхадзец з Чачні, намерваўся нелегальна перасячы беларускага-латвійскую мяжу.
Насамрэч выпадкі, калі расейскія грамадзяне, галоўным чынам жыхары Чачні, спрабуюць празь Беларусь трапіць без шэнгенскай візы ў краіны Эўразьвязу, ня рэдкасьць. Але, звычайна яны ўсё ж захоўваюць некаторую законнасьць і накіроўваюцца праз афіцыйныя пункты пропуску. Пераважна праз горад Берасьце. Для віцебскага рэгіёну здарэньні, калі грамадзяне Расеі спрабуюць незаконна перасячы мяжу з ЭЗ, не такія частыя.
За парушэньне памежнага рэжыму ў адносінах да расейцаў распачаты адміністрацыйны працэс. Акрамя таго, затрыманаму жыхару Чачні давядзецца зьявіцца перад беларускай Фэмідай таксама і за спробу нелегальнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.
Уладзімер Бяляўскі