Завяршальны этап работы па спыненьні дзейнасьці міжнароднага каналу прыпаў на 25 жніўня, калі ўначы апэратыўнікі затрымалі побач зь дзяржаўнай мяжою паміж Беларусьсю і Летувой чатыры аўтамабілі. У машынах знаходзіліся ўласна самі мігранты – адзінаццаць грамадзян Афганістану, і пяцёра чалавек, названых у афіцыйным паведамленьні Дзяржпамежкамітэту пра іх затрыманьне «арганізатарамі і памагатымі супрацьпраўнай дзейнасьці».
Апошнія, трое зь якіх зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, і двое – Таджыкістану, былі дастаўленыя ў Смаргонскую памежную зону дзеля разьбіральніцтва. Ім пагражае зьняволеньне на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Такое пакараньне прадугледжанае часткай 2 артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за арганізацыю незаконнай міграцыі, зьдзейсьненую групай асобаў па папярэдняй змове. Адпаведныя крымінальныя справы ўжо заведзеныя.
У адрозьненьне ад саміх мігрантаў, якія ў Беларусі караюцца толькі паводле адміністрацыйнага кодэксу папярэджаньнем ды штрафам з дэпартацыяй або без дэпартацыі, арганізатары незаконнай міграцыі падпадаюць пад дзеяньне крымінальнага заканадаўства, і ў дадатак да пазбаўленьня волі да іх можа ўжывацца таксама канфіскацыя маёмасьці.
Кастусь Дзьвінскі