Віцебскі рэгіён не застаўся ў баку ад міграцыйных працэсаў і прыняў на сябе значную частку людзей, якія вымушаныя былі пакінуць свае дамы на радзіме.
Для прыняцьця ўцекачоў і працы зь імі ў Віцебску маецца добра разьвітая сыстэма дзяржаўных службаў і ўстаноў ды адпаведная сусьветным стандартам заканадаўчая база.
Так, атрымаць першасную дапамогу мігранты могуць у пункце часовага пасяленьня ўцекачоў гораду Віцебску (ПЧПУ).
У гэтай дзяржаўнай установе, разьлічанай для адначасовага пражываньня на 30 мігрантаў, маецца ўсё неабходнае, каб прымаць замежных грамадзянаў, якія просяць прытулку і абароны з боку беларускай дзяржавы. Згодна зь дзейным заканадаўствам мігранты могуць знаходзіцца ў ПЧПУ да шасьці месяцаў, на працягу якіх улады вырашаюць, якім чынам яны могуць дапамагчы прэтэндэнтам на статус уцекача ў нашай краіне.
У апошнія гады ў ПЧПУ пражывалі грамадзяне Афганістану, Украіны і Сырыі. Пачынаючы з адкрыцьця ў 2005 годзе пункту ў Віцебску, з дапамогі беларускай дзяржавы скарысталіся больш за 400 чалавек з 35 краін сьвету.
Лявон Яфрэменка