Нядзеля, 12 Красавік 2015

Кніга Анатоля Трахімчыка «1939 год і Беларусь…» была прэзэнтаваная аўтарам у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

4 красавіка ў памяшканьні арт-базы “Vitebsk4Me” адбылася сустрэча з кандыдатам гістарычных навук Анатолем Трахімчыкам, аўтарам кнігі «1939 год і Беларусь: забытая вайна», якая выйшла з друку летась, якраз у сумны 75-гадовы юбілей пачатку Другой сусьветнай вайны.

 

Першым кнігу прэзэнтаваў выдавец Андрэй Янушкевіч, які назваў яе «дакумэнтальна-інтэлектуальным бэстсэлерам мінулага году».

Так адбываецца, што афіцыйная гістарыяграфія згодна з ідэалягічнымі ўстаноўкамі ўважае за пачатак вайны 1941 год і называе яе Вялікай Айчыннай. У выніку гэткіх перакананьняў 39-ы год зьнікае з нашага гістарычнага дыскурсу. Паводле словаў А. Янушкевіча, спадар Анатоль узяў на сябе пачэсную місію ўзнаўленьня праўдзівых горкіх падзеяў восені 1939 году. І пра тое, што кніга ўдалася, сьведчыць той факт, што паводле апытаньняў «Радыё Свабода» напрыканцы мінулага году яна была прызнаная найлепшай дакумэнтальнай кнігай 2014 году. А ўжо сёлета ў лютым аўтар атрымаў прэстыжную прэмію імя Францішка Багушэвіча, якая надаецца за найлепшы гісторыка-дакумэнтальны твор.

Перадаючы слова Анатолю Трахімчыку, спадар Андрэй зрабіў важную заўвагу: «Пагаварыць пра падзеі 1939 году ёсьць добрая ідэалягічная нагода: неўзабаве будзе сьвяткавацца сямідзесяцігодзьдзе перамогі, і таму варта менавіта сёньня ўспомніць пачатак гэтага шляху да перамогі, успомніць, як пачыналася гэтая вайна».

Далей рэй вёў Анатоль Трахімчык. У прыватнасьці, ён сказаў, што найбліжэйшым час нельга чакаць дэактуалізацыі інтарэсу да такой значнай падзеі, як Другая сусьветная вайна, і ня толькі з боку гісторыкаў, але і з боку дзяржавы дый грамадзтва. Можна, вядома, рабіць закіды ў бок дзяржавы, якая цікавіцца толькі так званай Вялікай Айчыннай вайной, але, тым ня менш, ступень увагі і да гэтай вайны на ўзроўні дзяржавы недастатковая. Па ўласных назіраньнях дасьледчыка, ня толькі прадстаўнікі старэйшага пакаленьня, але і моладзь не адрозьніваюць Другую сусьветную ад Вялікай Айчыннай. Нават студэнты-завочнікі слаба ўсьведамляюць гэтае адрозьненьне.

Сама па сабе мінулая вайна ўзьнімае шмат пытаньняў перад нашчадкамі шматлікіх народаў Эўропы, але што тычыцца Беларусі, то тут сытуацыя заблытаная яшчэ ў большай ступені. Таму Другая сусьветная разглядаецца ў кнізе не ад яе пачатку 1 верасьня 1939 году, а фактычна ад Першай сусьветнай, бо для нашага народу яе карані ляжаць менавіта ў выніках тае вайны. Гэтая геапалітычная сытуацыя становіцца тым фонам, на якім разгортваюцца тутэйшыя падзеі, увага да якіх звужаецца, факусуецца на актуальнай тэматыцы, аспэктах, якія закранаюць Беларусь і беларусаў.

Разьвіцьцё падзеяў у кнізе прадстаўленае на некалькіх узроўнях: адносна Беларусі як дзяржавы магчымай і як краіны рэальнай, а таксама адносна яе народу, то бок як на канкрэтных людзях адбіліся гістарычныя падзеі, сьведкамі і ўдзельнікамі якіх яны сталі. Вядома, дзяржава – гэта каштоўнасьць, але трэба быць рэалістамі: для нас нашыя жыцьці і жыцьці нашых родных больш даражэйшыя, чымся жыцьцё дзяржавы.

Мы добра ведаем, што па выніках Першай сусьветнай вайны на тэрыторыю Беларусі прэтэндавалі як усходнія, так і заходнія нашы суседзі, але, як аказваецца, – ня толькі яны. Як вынікае з апублікаванай у кнізе мапы, на тэрыторыю нашай краіны паводле Берасьцейскага міру прэтэндавалі і Ўкраіна, і Летува. Сытуацыя няпэўнасьці завяршылася ў 1921 годзе Рыскай дамовай, згодна зь якой да Польшчы адышоў не такі ўжо і вялікі кавалак – у параўнаньні з тым, што адышло да савецкай Расеі. Беларусь жа была ўтвораная на тэрыторыі ўсяго шасьці паветаў. Але, як стала вядома зараз, на перамовах з палякамі бальшавікі аддавалі нават Менск.

Урэшце ўнітарная Польшча атрымала вялікі кавалак нашай зямлі, але нават нягледзячы на мэтанакіраваную асыміляцыю нацыянальных меншасьцяў да пачатку вайны, палякі ня здолелі вырашыць нацыянальную праблему і паплаціліся за гэта ў 39-м годзе.

Шмат хто мяркуе, што паводле пакту Молатава-Рыбэнтропа была ўсталяваная тая мяжа, якая потым сталася савецка-германскай дэмаркацыйнай лініяй, але ж гэта ня так – мяжа праходзіла ажно да Варшавы. Спачатку плянавалася аддаць Савецкаму Саюзу больш за 60% міжваеннай польскай дзяржавы. І калі 1 верасьня Нямеччына напала на Польшчу, то яе лідэры меркавалі, што СССР распачне апэрацыю па авалоданьні выдзеленай яму тэрыторыі, але Саветы ўстрымаліся ад актыўных дзеяньняў. Гэтая пазыцыя тлумачыцца верай Крамля ў пэрманэнтны характар сацыялістычнай рэвалюцыі, якая мусіла адбыцца ва ўсім сьвеце. Таму Сталін лічыў, што трэба пасварыць Захад і Нямеччыну, а пасьля таго, як яны паканфліктуюць, самім разабрацца з слабымі супернікамі. Гэтая пазыцыя была ва ўжытку яшчэ з часоў Леніна, які, дарэчы, першым загаварыў пра магчымасьць Другой сусьветнай вайны, калі пры канцы Першай сусьветнай вайны бальшавікі ня здолелі распаліць сусьветную рэвалюцыю.

Паводле гісторыка Грыбоўскага, на пачатак вайны ў складзе польскага войска было каля 70-ці тысячаў беларусаў, якія, як казаў генэрал Андэрс, паказалі высокую ступень геройства, абараняючы польскую дзяржаву.

Трэба дарэчы сказаць, што пры першай абароне Берасьцейскай фартэцыі значная частка гарнізону складалася зь беларусаў, а вось у 1941 годзе гэта былі адзінкавыя прадстаўнікі нашага народу. Але ж ня толькі вайскоўцы-беларусы былі ўдзельнікамі вайны, было яе ўдзельнікам і мірнае насельніцтва: празь нямецкія бамбаваньні заходнебеларускіх мястэчак былі зьнішчаныя сотні мірных жыхароў. Але ж пры гэтым трэба ўлічваць, што арыенціроўкі на бамбаваньні заходнебеларускіх гарадоў даваліся зь Менску.

17 верасьня нарэшце Саветы ўступілі ў вайну, мяркуючы выканаць сваю частку дамовы паміж Молатавым і Рыбэнтропам. Вайна хутка скончылася. І як у 1945 годзе на Эльбе, гэтак і ў 1939 годзе на Бузе адбылася сустрэча саюзьнікаў. Сустрэча, пра якую доўгі час не прынята было гаварыць. Аднак у верасьні 39-га яна была. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што паміж немцамі і бальшавікамі былі і сутычкі: здарыліся яны каля Львова, у Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці. Але гэтыя сутычкі паміж вайскоўцамі, нягледзячы на ахвяры, былі ўлагоджаныя палітыкамі.

Дарэчы, Анатоль Трахімчык прапануе лічыць пачаткам Другой сусьветнай вайны не 1 верасьня, калі пачалася нямецка-польская вайна (бо двухбаковыя войны былі ў 30-я гады і да таго), а 3 верасьня, калі Англія і Францыя абвясьцілі вайну Нямеччыне. Дарэчы, трэба сказаць, што да 1941 году Сталін так і лічыў. Калі не пагаджацца з гэтаю датай, бо нават пасьля абвяшчэньня вайны ніякіх актыўных дзеяньняў з боку Англіі і Францыі не вялося, то тады гэткай датай можна лічыць 17 верасьня, калі ў вайну ўступіў трэці бок – СССР. Які потым распачаў вайну зь Фінляндыяй і балцкімі краінамі.

Трэба адзначыць, што разбурэньне старой савецка-польскай мяжы, якое зафіксаванае на здымках, было выключна сымбалічным. Вядомыя ўсім кадры аказаліся пастановачнымі, ніякага рэальнага зьнішчэньня не адбылося. Мяжу захавалі. Больш таго, яе пачалі ахоўваць яшчэ мацней, чымся гэта было за польскім часам, каб ні заходнікі, ні ўсходнікі без дазволу не маглі паглядзець, як хто зь іх жыве.

Шмат пра што гаворыць і той факт, што ў 1941 годзе немцы прайшлі  адлегласьць да мяжы нават хутчэй, чымся ў 1939 годзе гэта зрабіла Чырвоная Армія, якая на той час не сустрэла супраціву з боку палякаў. І калі насельніцтва Заходняй Беларусі, якое бегла ад немцаў у 41-м годзе, дайшло да мяжы, памежнікі і войскі НКУС не прапускалі народ, асабліва габрэйскае насельніцтва, праз гэтую старую мяжу.

Пасьля заканчэньня вайны ў красавіку Вільню і прылеглае да яе насельніцтва аддаюць Летуве. Больш таго, паўстае пытаньне пра перадачу Палесься Ўкраіне. І, калі верыць Панамарэнку, менавіта ён адстаяў Палесьсе, а вось Летуве перадаў яшчэ адзін кавалак беларускай тэрыторыі.

У зьвязку з вышэй сказаным можна задацца пытаньнем, а ці можна лічыць 17 верасьня днём далучэньня Заходняй Беларусі? Па вялікім рахунку справа далучэньня была вырашаная толькі на Тэгеранскай канфэрэнцыі пры канцы 1943 году, калі вырашаўся лёс Польшчы, і да яе пераходзіла, акрамя іншых земляў, Беласточчына. То бок можна казаць пра тое, што далучэньне Заходняй Беларусі да БССР у 1939 для насельніцтва гэтых тэрыторыяў несла многа няпэўнасьці, якая вырашылася тэрытарыяльна значна пазьней.

Пасьля захопу Саветамі Заходняй Беларусі на акупаванай тэрыторыі квітнела антысаветчына. Вядома, яна мела польскую ідэалягічную аснову, і прапольскія настроі былі досыць моцнымі. Да іх схіляліся і беларусы, і нават габрэі, якіх часта абвінавачваюць у пракамуністычных поглядах. А далучаліся да антысавецкага руху яны таму, што расчараваліся ў савецкай уладзе. Антысавецкія праявы былі рознага кшталту: гэта і вайсковы супраціў, гэта і падпольныя арганізацыі, гэта і пасіўнае процістаяньне, калі праз праз праяўленьне сваіх, засвоеных з часоў Польшчы, чалавечых якасьцяў, грамадзянін, аказваецца, выяўляе антысавецкія паводзіны. Напрыклад, задае чалавек пытаньне: «А чаму ў нас на выбарах адзін чалавек?» І на заўтра чалавека няма.

Шмат якія праявы савецкай рэчаіснасьці ўспрымаліся як нешта неверагоднае: так, паводле савецкіх законаў да 12-гадовага падлетка прымяняліся тыя самыя законы, што і да дарослага грамадзяніна. Паводле самых мінімальных падлікаў, за Саветамі з тэрыторыі Заходняй Беларусі было выслана 125 тысячаў чалавек. Рэпрэсіі былі як адкрытага пляну, так і прыхаванага: мясцовае насельніцтва цярпела дыскрымінацыю ў тым ліку і паводле нацыянальнай прыкметы.

Кніга распавядае пра драматычныя падзеі мінуўшчыны, якія глыбока прайшліся па беларускім народзе. І аж дагэтуль пра гэтыя падзеі памятаюць. Яны працягваюць жыць у галовах тых людзей, што захавалі ў памяці расповеды сваіх продкаў. Таму кніга мае пэўную натуральную актуальнасьць. На сёньняшні час разышліся каля 400 асобнікаў, што зьяўляецца добрым паказчыкам для любой гістарычнай кнігі.

Па сканчэньні сустрэчы наведнікі маглі набыць ня толькі прэзэнтаваную аўтарам кнігу, але і абзавесьціся іншымі выданьнямі, якія выйшлі з друку дзякуючы працы выдавецтва Андрэя Янушкевіча.

Дыялёг