Як мы нядаўна пісалі, у Верхнядзвінскім раёне праводзяць супольныя рэйды ДАІ і службы прымусовага выканання дзеля таго, каб «нагадаць» пра нясплочаныя штрафы. Дзяржаўныя СМІ падаюць гэта як клопат пра грамадзян і памкненне сачыць за выкананнем закону, суправаджаючы загалоўкамі ў духу «Чакай гасцей». Аднак за гучнымі словамі хаваецца трывожная рэальнасць: дзяржава ўключыла рэжым «турба» ў пошуку вашых грошай для папаўнення бюджэта.
Рэйд як інструмент ціску
Фармат «супольных мерапрыемстваў» сілавікі не раскрываюць, але на практыцы гэта азначае адно: раптоўнасць. Спыненне аўтамабіля на трасе ці нечаканы візіт па месцы жыхарства, прысутнасць інспектара ДАІ побач з судовым выканаўцам псіхалагічна душыць грамадзяніна. І калі на вас «вісіць» доўг за нясплачаны штраф, працэдура спагнання можа пачацца «тут і зараз». Праваабаронцы бачаць у гэтым небяспечную падмену паняццяў: дарожная інспекцыя фактычна бярэ на сябе функцыі калектарскага агенцтва.
«ДАІ закліканая захоўваць і кантраляваць бяспеку на дарозе, а не працаваць кур’ерамі для падатковай. Калі інспектар спыняе аўто не за парушэнне ПДР, а для праверкі па базах ОПВ, дарога ператвараецца ў зону татальнага кантролю», — каментуе эксперт Vitebskspring.
Прававая пастка: лічбы і тэрміны
Згодна з артыкулам 17.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях , у грамадзяніна ёсць роўна адзін месяц на добраахвотную аплату штрафу. Калі вы не паспелі, уключаецца карны механізм:
1. «Штраф на штраф»: Сума запазычанасці аўтаматычна вырастае на 2 базавыя велічыні. Гэта норма закона, і яна тычыцца тых, хто прызнаў віну на месцы або атрымаў «ліст шчасця» - без складання пратакола.
2. Прымусовы збор: Як толькі месяц сышоў, а штраф яшчэ не сплачаны, справа трапляе да судовага выканаўцы. І да сумы штрафа дадаецца яшчэ 10% ад сумы запазычанасці, але не менш за 0,5 базавай велічыні (22,5 руб.). Калі казаць проста, то гэта збор за працу судовага выканаўцы, і тычыцца абсалютна ўсіх штрафаў – у тым ліку прысуджаных судамі.
3. Аўтаматычнае спісанне: З 1 студзеня 2026 года ўступілі ў сілу змены ў закон «Аб выканаўчай вытворчасці». Цяпер, калі доўг меншы за 20 базавых велічынь, грошы могуць спісаць з вашай банкаўскай карты або электроннага гаманца аўтаматычна, без лішніх папер.
Чым пагражае візіт нязваных гасцей?
Паўнамоцтвы тандэма ДАІ і ОПВ сёння беспрэцэдэнтныя. Важна разумець: сам супрацоўнік ДАІ не мае права апісваць ваш тэлевізар, яго роля згодна з Законам «Аб органах унутраных спраў» — аказваць садзейнічанне. Але ў пары з выканаўцам яны могуць:
- Арыштаваць аўто: Нават калі штраф капеечны, машыну могуць адправіць на штрафстаянку.
- Адключыць сувязь: Блакаванне мабільнага нумара — цяпер стандартная мера ціску.
- Закрыць мяжу: Абмежаванне выезду можа быць накладзена ў межах выканаўчай вытворчасці вельмі аператыўна.
Юрыст каментуе:
«ДАІ не з’яўляецца органам прымусовага выканання. Інспектар можа ўстанавіць асобу, праверыць па базах, забяспечыць парадак. Але арышт маёмасці, вопіс, абмежаванне выезду — гэта працэсуальныя дзеянні судовага выканаўцы і толькі ў межах заведзенай вытворчасці».
Ці можна замяніць штраф або прасіць растэрміноўку?
Закон прадугледжвае магчымасць палегчыць фінансавы цяжар, калі чалавек апынуўся ў складаных абставінах.
Адтэрміноўка і растэрміноўка. Вы маеце права падаць заяву на адтэрміноўку выплаты штрафа (да 6 месяцаў) або растэрміноўку (выплата часткамі). Гэта афіцыйная працэдура, якая дазваляе пазбегнуць візітаў «гасцей» і арышту рахункаў. Для выкарыстання гэтых магчымасцяў трэба падаць афіцыйнае хадайніцтва, а не проста ігнараваць квітанцыю.
Грамадскія работы. Таксама прадугледжана замена штрафу грамадскімі работамі. Але гэта не «ільгота» па жаданні. Гэта рашэнне прымае суд, калі даказана, што ў чалавека няма ні даходу, ні маёмасці.
Дзяржава актыўна аўтаматызуе спагнанне, але амаль не інфармуе пра правы даўжніка, а яны ў вас ёсць.
Меркаванне Vitebskspring: мэтазгоднасць ці тэрор?
Нядаўна праваабаронцы ўжо звярталі ўвагу на ўзмацненне кантролю ў рэгіёне: напрыклад, калі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый падчас “супрацьпажарных” рэйдаў фатаграфуюць людзей і іх жытло без дазволу.
Публікацыі ў дзяржСМІ з пагрозамі «чакай гасцей» — гэта таксама рыторыка запалохвання, а не прававая асвета: дзяржава свядома змешвае функцыі супрацоўнікаў ДАІ і фіскальных органаў, узмацняючы карны характар сістэмы.
Нашы рэкамендацыі:
- Маніторце АРІП. Сістэма «Разлік» дапаможа даведацца пра штраф своечасова. «Лісты шчасця» часта не доходзяць, а сума штрафа праз месяц вырастае аўтаматычна.
- Патрабуйце дакументы. Пры апісанні ці арышце маёмасці вы маеце права бачыць пастанову і вопіс. У вас ёсць 10 дзён на абскарджанне дзеянняў выканаўцы.
- Не цярпіце. Калі грошай на штраф няма — прасіце адтрміноўку ці растэрміноўку. Дапамагчы падрыхтаваць такі дакумент могуць праваабаронцы.
Памятайце: прававая дзяржава вымяраецца не колькасцю арыштаваных машын, а захаваннем законных працэдур. Пакуль жа мы бачым, што закон часта выкарыстоўваецца ў фармаце «засады».
Сутыкнуліся з ціскам?
Калі вы лічыце, што вашы правы былі парушаныя падчас падобных рэйдаў, калі ў вас незаконна забралі маёмасць ці ўжылі непрапарцыйныя меры ціску — не заставайцеся з праблемай адзін на адзін. Праваабаронцы «Віцебскай вясны» гатовыя аказаць кансультацыйную дапамогу і дапамагчы разабрацца ў законнасці дзеянняў тых самых нязваных гасцей. Апішыце сваю сітуацыю ў звароце праз форму зваротнай сувязі: Звязацца з праваабаронцамі