Гараджанам прапануюць прагаласаваць за адзін з варыянтаў.
Не адразу можна заўважыць, але на абодвух планіровачных эскізах і крыж, і танк застаюцца нязменнымі элементамі. Мяняецца толькі размяшчэнне: у цэнтры або крыху збоку. На думку распрацоўшчыкаў, «сімбіёз» рэлігійнай і вайсковай сімволікі з'яўляецца актуальным ды мадэрновым…
Яшчэ адзін момант, які выклікае спрэчкі – гэта надпіс «Полоцк» па-расейску для абодвух варыянтаў на ўездзе ў старажытную сталіцу беларускай дзяржавы.
Тое, што варыянтаў толькі два, таксама недаспадобы жыхарам Полацку. Абмяркоўваючы прапанову ўладаў на старонцы старшыні райвыканкаму Ігара Марковіча ў Instagram, яны пішуць пра ўласнае бачанне гэтага аб’екта. Хтосьці лічыць, што ў цэнтры варта паставіць фігуру Усяслава Чарадзея, знакамітага полацкага князя, а нехта не згодны з тым, што крыж – праваслаўны, тады як сучасны Полацк – шматканфесійны…
Цікава, што палачанам прапануюць узяць удзел у галасаванні, але яго зрабілі патаемным. Так, з дапамогай інструменту Google, на сайце райвыканкаму людзі могуць абраць упадабаны варыянт, але ў іх не атрымаецца ўбачыць колькасць аднадумцаў і апанентаў. Гэта надзвычай зручны ход для раённых уладаў: заўсёды можна заявіць пра больш выгодны выбар, назваўшы яго «народным».
Міхась Хмара