Серада, 11 Сакавік 2020

Полацкія ўлады адказалі на пэтыцыю супраць будаўніцтва кадэцкай вучэльні каля Сафіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На патрабаваньне спыніць будоўлю кадэцкай вучэльні каля Сафійскага сабору на Верхнім Замку ў Полацку, мясцовыя ўлады адказалі, што працы «праводзяцца ў межах існага заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Кодэксу аб культуры». Сьцьвярджаюць, што вядзецца археалягічнае назіраньне, а мэханічная вібрацыя – пад кантролем.

«Працы на тэрыторыі аб’екту «Рэканструкцыя былых будынкаў, установаў аховы здароўя ў ахоўнай зоне запаведніку «Верхні Замак» пад разьмяшчэньне ДУА «Полацкае кадэцкае вучылішча» ў г. Полацку праводзяцца ў межах існага заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Кодэксу аб культуры», – гаворыцца ў адказе намесьніка старшыні Полацкага райвыканкаму Пятра Пяткевіча.

Паводле адказу, аб’ект уключаны ў Дзяржаўную інвэстыцыйную праграму. Заказчык – УКБ г. Полацку, падрадчык – прадпрыемства «Полацаксельбуд», праектоўшчык – «Інстытут Віцебскграмадзянпраект».

Чыноўнік паведамляе, што быў распрацаваны «пералік мер» для аховы помніку археалёгіі (Верхні замак), якія, у прыватнасьці, прадугледжваюць «абсьледаваньне зоны правядзеньня працаў… з мэтай далейшага назіраньня і выяўленьня няўлічаных артэфактаў і археалягічных аб’ектаў ды іх фіксацыю».

«У мэтах захаваньня культурнага пласта і археалягічных аб’ектаў заключаны дагавор ад 26.11.2019 на правядзеньне археалягічнага назіраньня ў 2019-2020 гадах пры земляных працах і рэстаўрацыі з рэканструкцыяй на аб’екце з ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», – гаворыцца ў адказе.

На археалягічнае назіраньне будзе выдаткавана 1 млн. 34 тыс. 172 рублі.

Нібыта на тэрыторыі аб’екту ажыцьцяўляецца пастаянны археалягічны нагляд (археоляг Магалінскі). Таксама паведамляецца, што земляныя працы ў значных аб’ёмах не выконваюцца да красавіка 2020 году, а месцы з магчымым знаходжаньнем археалягічных аб’ектаў агароджаныя. Вясной – летам Інстытут гісторыі плянуе правядзеньне раскопак.

Наконт узьдзеяньня мэханічных вібрацый на будынак Сафійскага сабору адказваюць, што ўсярэдзіне сабору маюцца адмысловыя маякі, «за станам якіх вядзецца назіраньне».

Сяргей Тарасаў: Гэта падсудная справа

Адзін з аўтараў пэтыцыі супраць будаўніцтва на Верхнім замку ў Полацку кадэцкай вучэльні гісторык Сяргей Тарасаў кажа, між тым, што выконваюцца ня ўсе патрабаваньні Кодэксу аб культуры і што дамова на археалягічны нагляд да такой катэгорыі помніку ня можа быць скарыстаная.

«Таму што ёсьць Закон – Кодэкс. І там прапісаная ня толькі «археалёгія». Нагляд у археалягічнай практыцы – коўш экскаватара. І нічога іншага. Ён магчымы на новабудоўлях, дзе няма статусу «гісторыка-культурная каштоўнасьць». Да Полацкага Верхняга замку гэтая «сэнтэнцыя» ня можа быць скарыстаная. Гэта, на мой погляд, падсудная справа…» – напісаў у камэнтары да апублікаванага адказу з Полацкага райвыканкаму Сяргей Тарасаў.

Пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць будаўнічыя працы на Верхнім замку ў Полацку падпісалі 1250 чалавек.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.