Перад дыктоўкай загадчыца аддзелу краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова нагадала, што Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны на 30-й сэсіі ЮНЭСКА ў 1999 годзе і штогод адзначаецца ва ўсім сьвеце з 2000 году. Дзень 21 лютага быў выбраны з нагоды сумнай даты: у 1952 годзе ў Пакістане загінулі пяць студэнтаў з Банглядэшу, якія выступілі за наданьне мове бангла статусу дзяржаўнай.
“Па-беларуску гаварылі нават туркмэны…”
Павіншаваў удзельнікаў дыктоўкі са сьвятам старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), дацэнт ВДУ імя Машэрава Юры Бабіч.
У Беларусі Агульнанацыянальная дыктоўка ладзіцца ўжо ў 11 раз
Юры Бабіч расказаў, што ў гэты дзень ва ўнівэрсытэце была зладжаная “фэнамэнальная акцыя”: “Цэлы дзень, паводле адмысловай рэкамэндацыі дэкана, увесь факультэт гаварыў толькі па-беларуску. Гэта было ўпершыню. На ўсіх паверхах былі зробленыя інсталяцыі, прымеркаваныя да сьвята. Па-беларуску гаварылі нават туркмэны…”
Выступае Юры Бабіч
“Гэта той дзень, які павінен яднаць усіх, незалежна ад таго, на якой мове яны гавораць дома – па-руску, па-польску, па-чэску, хоць па-кітайску. Гэта няважна. Бо сёньня – Дзень роднай мовы!” – зазначыў Юры Бабіч.
“У апошнія гады мова троху ажывае”
Перад удзельнікамі імпрэзы выступілі таксама вядомы паэт, перакладчык і пэдагог Уладзімер Папковіч, паэтка і загадчыца літаратурнай часткі Беларускага тэатру “Лялька” Людміла Сіманёнак, паэт і загадчык літчасткі Коласаўскага тэатру Алесь Замкоўскі ды іншыя.
Уладзімер Папковіч чытае вершы
“Канечне, хацелася б, каб мы ня толькі адзначалі гэтае сьвята, а каб штодзень гаварылі на матчынай мове. Каб чыталі, каб пісалі па-беларуску. Але, на жаль, сытуацыя ў нас не такая ўжо і радасная…” – сказаў Уладзімер Папковіч. Між іншым, адзначыў, што “ў апошнія гады мова патроху ажывае”.
Людміла Сіманёнак выказала спадзяваньні, што праз 20-30 гадоў дзеці нашых дзяцей будуць атрымліваць мову наўпрост з вуснаў маці і яна стане для іх матчынай у поўным сэнсе гэтага слова. Алесь Замкоўскі натхніў публіку вершам Карткевіча “Мова” і заклікаў “стаяць за яе грудзьмі, як тыя студэнты з Банглядэшу”.
Дыктоўка як калектыўнае цудадзейства
Да сьвята матчынай мовы абласная бібліятэка падрыхтавала адмысловую выставу слоўнікаў беларускай мовы ды іншых выданьняў па-беларуску.
Сьвяточны стэнд у бібліятэцы
“У нас цэлы стос тэрміналягічных слоўнікаў – і эканамічных, і палітычных, і юрыдычных, і спартыўных... Якіх толькі няма! Хапае, толькі трэба вывучаць. І калі кажуць, што ў нас няма навуковай базы, і таму, маўляў, некаторыя тэрміны нельга падаць па-беларуску, то кажуць гэта людзі недасьведчаныя. Усё ў нас ёсьць!” – сьцьвердзіла напрыканцы ўрачыстай часткі Ларыса Рагачова
Імпрэзу расквецілі яшчэ выступы фальклёрнага калектыву “Вясёлка” з ВДУ імя Машэрава і юных артыстаў з заронаўскага гісторыка-этнаграфічнага музэю.
Перад дыктоўкай прагучаў верш Анатоля Канапелькі “Я слова роднае лаўлю. Яно сьвятое цудадзейства…” Дыктоўка і нагадвала ў нечым працэс калектыўнага цудадзейства.
Дыктоўка як магія і чарадзейства
У залі валадарылі цёплая цішыня і сьветлыя ўсьмешкі. Дыктаваў тэкст Юры Бабіч.
Нагадаем, што ініцыятарам і арганізатарам правядзеньня агульнанацыянальных дыктовак у Дзень матчынай мовы выступае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Дыктоўкі ладзяцца зь 2008 году.
“Віцебская вясна” далучаецца да віншаваньняў з нагоды Дня роднай мовы. Няхай сьвята будзе штодзённым!
Зьміцер Міраш, фота аўтара