Кожны з мастакоў, хто прамаўляў на імпрэзе, кланяўся Адзе Райчонак у знак вялікай падязкі і пашаны. Безь яе ні пленэру, ні гэтай выставы проста не адбылася б.
“Заб’е кабанчыка і запросіць мастакоў...”
Старшыня Віцебскай арганізацыі Беларускага Саюзу мастакоў Сьвятлана Баранкоўская расказала “Віцебскай вясьне”, што мінулы пленэр быў невялікі і доўжыўся 10 дзён. “Але тое, што гэта на 100 адсоткаў праца Ады Эльеўны – гэта дакладна. Гэта ўсё Ада, Ада і Ада! І нізкі ёй паклон, што яна на 81-м годзе жыцьця ўсё яшчэ ладзіць гэтыя пленэры”, – сказала Сьвятлана Баранкоўская.
Ада Райчонак (справа) на адкрыцьці выставы
Патлумачыла, што плэнэр быў нешматлікі, бо ладзіць вялікія пленэры за дабрачынныя грошы проста немагчыма. “Горад ня можа зладзіць паўнавартасны пленэр для мастакоў, вобласьць ня можа гэтага зрабіць, а Ада Райчонак – можа! Заб’е кабанчыка і запросіць мастакоў”, – распавяла спадарыня Сьвятлана.
Прыкладна пра тое ж казаў потым віцебскі мастак Уладзімер Вальноў: “Тое, што ня ў стане зрабіць горад, адужвае адзін чалавек. Гэта ашаламляльна! Гэта папрок. І ў той жа час гэта наш гонар!”
Ада Райчонак: Галакост для мяне – ня проста слова…
Сама Ада Райчонак прызналася, што для яе кожная выстава як сьвята. Бо гэта сустрэча з гледачамі і мастакамі, якія называюць яе цяпер “маці пленэра”. Але падчас сваёй прамовы спадарыня Ада больш гаварыла не пра мастацтва, а пра матчыну мову (выстава адчынілася ў Міжнародны дзень роднай мовы).
Выступае Ада Райчонак
“Мы правялі пленэр у Лужках, гэта радзіма Бэн-Егуды, славутага чалавека, які вярнуў габрэйскаму народу ягоную мову – іўрыт. Ён адзін! Разумееце, адзін змог вярнуць народу мову! А нас мільёны і мы сваю губляем… Асабліва на Віцебшчыне”, – казала Ада Райчонак.
Прызналася, што сама прайшла праз Галакост і ацалела толькі дзякуючы маці і добрым людзям (маці Ады Райчонак была беларускай, і ёй удалося вызваліць дачку зь віцебскага гета).
Праца А. Скавародкі "Сьвечка памяці"
“І цяпер я ўсё жыцьцё аддаю даўгі. Раблю нешта добрае для людзей і для роднага краю. Працую, здаецца, і за сябе, і за тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія былі са мною разам у вязьніцы, але засталіся навечна ў віцебскіх равах…” – сказала спадарыня Ада.
Выстава, прасякнутая надзеяй і сьвятлом
Пленэр у Лужках меў на мэце адлюстраваць і асэнсаваць у мастацкіх творах трагічныя падзеі, якія адбыліся ў мястэчку 1 ліпеня 1942 году. У гэты дзень гітлераўцы расстралялі каля тысячы (паводле адной з вэрсій) вязьняў габрэйскага гета.
Дырэктарка Віцебскага мастацкага музэю Вольга Акуневіч расказала, што экспазыцыя выставы “Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост” складаецца з 35 мастацкіх прац (пэйзажы, партрэты, фігурныя кампазыцыі), аўтарамі якіх зьяўляюцца 16 мастакоў.
У пленэры бралі ўдзел вядомыя і маладыя творцы зь Менску, Гомлю, Віцебску, Полацку, Верхнядзьвінску ды іншых гарадоў і мястэчак (у тым ліку і з саміх Лужкоў). Сярод іх – Ігар Марачкін, Алесь Саўчанка, Сьвятлана Урублеўская, Юрась Платонаў, Інга Карашкевіч, Натальля Каржыцкая, Кацярына Мясьнікова, Сьвятлана Забаўская, Юля Пятрашка ды іншыя.
Як заўважыў віцебскі мастак і мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі, тэматычных пленэраў, на жаль, становіцца ўсё менш.
Міхась Цыбульскі
“Тэматычны пленэр патрабуе велізарнай падрыхтоўкі і духоўнай працы. Магчыма, мы прыдзем і да таго, што ў нашым мастацтве будзе паступова адраджацца і тэматычная карціна, і шматфігурная кампазыцыя, і жанравыя творы, якія будуць зьвязаныя з нашай рэальнасьцю, а не толькі з ідылічнымі і рамантычнымі фантазіямі. Будуць зьвязаныя з нашай гісторыяй і нашым лёсам. З усім тым, што давялося народу перажыць і што перажываем сёньня”, – зазначыў Міхась Цыбульскі.
Нягледзячы на трагізм тэмы, лужкоўская выстава прасякнутая надзеяй, жыцьцесьцьвярджальнай энэргіяй і сьвятлом.
Працы можна будзе паглядзець да 11 сакавіка. “Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост” адчыніла ў мастацкім музэі шэраг імпрэзаў, якія будуць прысьвечаныя тэме малой радзімы.
На вэрнісажы гучала габрэйская музыка
Выступае Сьвятлана Баранкоўская
На першым пляне - мастак Уладзімер Вальноў
На імпрэзе прысутнічала заснавальніца Цэнтру сучаснага мастацтва ў Віцебску Валянціна Кірылава (стаіць у цэнтры)
Зьміцер Міраш, фота аўтара