У якасьці запрошаных экспэртаў-сьпікераў выступілі: Віталь Броўка – уладальнік арт-пабу «Торвальд», Гарык Аганджанян – уладальнік бітлз-клюбу «Паддашак», Інга Багінская – гаспадыня арт-цэнтру VZAP і Ірына Фёдарава – дырэктар віцебскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.
Мэтай сустрэчы было абмеркаваньне надзённых праблемаў у заяўленай сфэры, а таксама знаёмства зь дзейнасьцю асноўных публічных прастораў гораду. Акрамя таго, дыскусію можна было разглядаць і як своеасаблівую справаздачу аб праведзенай працы за апошнія некалькі гадоў іх функцыянаваньня.
Кожны запрошаны сьпікер выступіў зь невялікай прэзэнтацыяй сваёй установы, у якой распавёў пра спэцыфіку арганізацыі і правядзеньня розных мерапрыемстваў, падзяліўся досьведам.
З выступаў стала вядома, што:
Арт-цэнтaр VZAP, які існуе ў горадзе ўжо больш за 2 гады, спэцыялізуецца больш на правядзеньні рок-канцэртаў, спэктакляў і тэатральных пастановак, удзельнічае ў розных танцавальных праектах, а таксама кірмашах і мініфэстывалях.
Бітлз-клюб «Паддашак», у сваю чаргу, больш канцэнтруецца на кінапаказах (пастаянны праект «Паддашак Пікчэрз» – кінапаказ малавядомых кінашэдэўраў з дыскусіяй і абмеркаваньнем фільму) і вечарынках.
Арт-паб «Торвальд» праводзіць розныя інтэлектуальныя гульні (паб-квізы – віктарыны, якія, як правіла, праходзяць у рэстаранах і барах, турніры «Што? Дзе? Калі?»), адукацыйныя імпрэзы кшталту «Мова Нанова» і розныя канцэрты.
Ну а бібліятэка, як і належыць ёй, больш праводзіць мерапрыемстваў на навуковую і адукацыйную тэматыку. Напрыклад, «Навука па-за сабою» – цыкль лекцыяў, якія сталі вельмі папулярнымі ў горадзе сярод моладзі.
Усе прысутныя маглі задаваць прамоўцам пытаньні. Кагосьці цікавіў кошт і ўмовы правядзеньня тых ці іншых мерапрыемстваў. Кагосьці – няўдалы досьвед у іх арганізацыі. Таксама абмяркоўваліся апошнія тэндэнцыі ў Віцебску ў гэтай сфэры. На думку Віталя Броўкі і Гарыка Аганджаняна, намецілася невялікая лібэралізацыя – стала лягчэй працаваць, а колькасьць розных правяраючых зьменшылася. Яны паведамілі, што чыноўнікі перасталі ўспрымаць іх дзейнасьць як варожую. Дырэктарка ж бібліятэкі, наадварот, выказала шкадаваньне, што сытуацыя пагоршылася, і цяпер усё робіцца дзяржавай не дзеля атрыманьня ведаў, а дзеля зарабляньня грошай. І бібліятэкі мусяць ня столькі даваць літаратуру, колькі арганізоўваць за грошы розныя мерапрыемствы для школьнікаў і студэнтаў.
Напрыканцы сустрэчы Інга Багінская прапанавала ўсім, хто мае ахвоту і амбіцыі, паспрабаваць арганізаваць сваю ўласную публічную прастору. Паводле яе словаў, хоць гэта вельмі складаная і затратная справа – вялікія арэндная плата за памяшканьне і камунальныя плацяжы, – але пры тым вельмі цікавая і патрэбная для гораду. І сапраўды, па рэпліках, што прагучалі з залі, можна было зрабіць выснову, што нягледзячы на актыўную дзейнасьць названых пляцовак, запыт людзей на публічныя арт-прасторы не зусім задаволены. І месцаў у горадзе, дзе можна арганізаваць і правесьці нефармальную сустрэчу або масавую імпрэзу, ня так ужо і шмат.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2680-tsi-khapae-publichnykh-prastorau-u-vitsebsku#sigProId2ab94587c3
Уладзімер Бяляўскі