Шыкоўна ілюстраваная кніжка складаецца з шэрагу гістарычных баек пра самыя знакавыя моцныя (і ня толькі) алькагольныя напоі, якія здаўна ўжывалі беларусы. Кожны нарыс падмацаваны цытатамі з гістарычных крыніцаў ці мастацкіх твораў.
У чатырох разьдзелах распавядаецца пра піва, пітны мёд, крупнік, старку, зуброўку. Натуральна, не абышлося без гарэлкі і самагону.
Гістарычна-алькагольная “Бочачка” пісалася цягам 18 гадоў. Такая добрая вытрымка гарантуе пачуцьцё эўфарыі кожнаму чытачу.
Наш адказ нямецкаму пуншу
Найшырэйшы й найцікавейшы разьдзел кнігі прысьвечаны беларускаму крупніку – напою зь мёду й спэцыяў. Як сьцьвердзіў падчас прэзэнтацыі Алесь Белы, крупнік, як ніякі іншы напой, мае прэтэндаваць на статус нацыянальнага. Але, на жаль, беларусы на яго забыліся. У апошнія ж гады і наогул у якасьці тытульнага напою прасоўвалі “Крамбамбулю”.
Між тым, як даводзіць аўтар, крамбамбуля ня мае да Беларусі ніякага дачыненьня, бо “мае глыбокія нямецкія карані”. Крупнік жа, наадварот, – наш адказ нямецкаму пуншу.
Алесь Белы распавядае пра крупнік
“Але як жа крыўдна ведаць сёньня, што і палякі, і летувісы вырабляюць крупнік прамыслова. Гэты напой стаў візытоўкай гэтых краін. Але не Беларусі, адкуль, уласна, і паходзіць. І пры гэтым у самой Беларусі ён не вырабляецца, і пра яго фактычна ўсе забыліся…” – смуткуе Белы.
Дарэчы, згодна з аўтарскай вэрсіяй, назва “крупнік” (у складзе напою няма ніякіх крупаў) перайшла на напой ад яшчэ адной нацыянальнай стравы – супу “крупнік”. Маўляў, і суп (з грыбамі і груцай), і алькагольны напой вырабляліся раней па аднолькавай тэхналёгіі: гатавалі ў печы пад вечкам, шчыльна залепленым цестам. Вось і назвалі аднолькава.
“Рускі прыярытэт на водку – гэта паклёп”
Кухмістар Верашчака запэўніў віцебскіх слухачоў, што ўласна гарэлка (гарэлае віно) зьявілася на тэрыторыі ВКЛ на 80-100 гадоў раней, чым у княстве Маскоўскім. Да нас гарэлка прыйшла, найхутчэй з Усходняй Прусіі, яшчэ на пачатку XVI стагодзьдзя, і менавіта ад нас гэты моцны алькагольны напой запазычылі расейцы.
Што праўда, гарэлцы ў кнізе надаецца зусім няшмат увагі, бо ў чыстым выглядзе беларускае шляхецтва гарэлку амаль не піло. Нашыя прашчуры аддавалі перавагу настойкам. І найперш – старцы.
Старка, альбо “старая гарэлка” – гэта наш аналяг ірляндзкага жытнёвага віскі. Высакаякасная жытняя гарэлка двайной ці нават трайной перагонкі, якую доўгі час вытрымлівалі ў дубовых бочках.
“Была, як і зуброўка, вельмі папулярная за савецкімі часамі. Але наш партфэль нацыянальных напояў – старка, зуброўка, крупнік – “прыхватызавалі” нашы суседзі і з захаду, і з усходу. І цяпер польская зуброўка – адзін з самых вядомых сусьветных алькагольных брэндаў у сьвеце. А беларусы нават ня маюць права экспартаваць напоі з такімі назвамі”, - распавёў Алесь Белы.
Дадаў, што зуброўка была любімым напоем “дарагога Леаніда Ільліча Брэжнева”, які запіваў ёй лекі…
Ня кожная краіна мае такое выданьне
У кніжцы, акрамя “алькагольных” нарысаў, падаецца і рэцэптура найбольш знакавых напояў (каля 40 рэцэптаў), якія маюць быць “падставовымі для нацыянальнай сьвядомасьці”. Але аўтар падкрэсьлівае, што “Бочачка сакатала” – гэта не падручнік.
Кухмістар Верашчака падчас прэзэнтацыі ў Віцебску
“Гэта найперш гістарычна-папулярнае выданьне, пад вокладкай якога сабраныя крытычна асэнсаваныя гістарычныя традыцыі і тлумачэньні цяпер ужо страчанага сымбалізму. Таму я думаю, што гэта абсалютна ўнікальнае выданьне. Ня кожная краіна мае такую кніжку”, - падкрэсьліў аўтар.
“З усіх сіл стараўся так падбіраць матэрыялы кнігі, каб яна мела дакладна літоўска-беларускі радавод. Я вельмі добра стаўлюся да нашай агульнай спадчыны з Польшчай, але кніжка ў значнай ступені напісана для таго, каб запатрабаваць назад тую нашу спадчыну, якая размылася, якая ў значнай ступені сплыла за нашыя заходнія межы”, - дадаў выступоўца.
Марцовае піва, кулялкі, стваральны эратызм
Алесь Белы з захапленьнем распавядаў таксама пра марцовае піва, пітны мёд і пра тое, з чаго пілі нашы продкі (у кнізе ўжываецца выдатнае слоўца “кулялкі”).
Як патлумачыў аўтар, назва кнігі “Сакатала бочачка” (гэтак жа, дарэчы, называецца й адзін з разьдзелаў, прысьвечаны піву падчас вясельля), мае выразна эратычную афарбоўку. Так пачыналася беларуская народная песьня, у якой вобраз бочачкі сымбалізуе маладую дзяўчыну на выданьні.
Яна чакае, калі ўжо хтосьці яе вып’е (“Калі мяне ня вып'еце, я сама разьліюся…”).
“Гэты сымбалізм мне падаўся вельмі красамоўным. Па назьве разьдзелу атрымала назву і ўся кніжка. Той стваральны эратызм праходзіць праз усю кнігу”, - гаворыць аўтар.
Падчас аўтограф-сэсіі ў "Торвальдзе"
Зьдзейсьніць выданьне кнігі ўдалося дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі на пляцформе ulej.by (было сабрана 3630 рублёў), якая з посьпехам фінішавала ў чэрвені 2017 году, а таксама фундацыі кампаніі “Бульбашъ”. Кніга была выдадзеная ў Летуве.
Колькі каштуе
Пасьля прэзэнтацыі ў Віцебску кніжку Кухмістра Верашчакі можна было набыць за 20 рублёў, на сайце выданьня яна прадаецца за 22 рублі, на OZ.by – за 25. Можна таксама замовіць электронную вэрсію.
Для даведкі: Кухмістар Верашчака – літаратурны псэўданім вядомага гісторыка і публіцыста Алеся Белага. Доктар гуманітарных навук па гісторыі (PhD). Аўтар кніг “Наша страва”, “Літвінская кухня”, “Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы”, больш за 100 нарысаў па гісторыі беларускіх страў і напояў. Ляўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча (2001), прэміі Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі (2014). Гаспадар аграсядзібы “Марцінова Гусь”.
Зьміцер Міраш