Камітэт па правох чалавека ААН зарэгістраваў скаргу віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацьцяны Севярынец. Нагодай для звароту ў КПЧ ААН стала рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску паўтарагадовай даўнасьці, згодна зь якім актывістка нібыта парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, за што была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара паведамленьне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага году ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананьні рашэньня Камітэту па правох чалавека ААН па справе яе сына. Беларусь, паводле рашэньня камітэту, павінна прызнаць, што ў адносінах да Ўладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыцьцё і абарону, прэзумпцыя невінаватасьці і справядлівага судовага разьбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэньня.

Антаніна Піванос, аштрафаваная ў 2008 годзе за спробу ўручэньня падарунку вядомаму віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду, нарэшце дамаглася справядлівасьці: Камітэт ААН па правох чалавека прыняў рашэньне на яе карысьць. Цяпер, згодна з рашэньнем камітэту, беларускія ўлады абавязаныя вярнуць актывістцы канфіскаваную ў яе маёмасьць, пакрыць панесеныя ёй выдаткі і выплаціць кампэнсацыю.