Лекар двойчы пазбаўляўся працы, але яго аднаўлялі – праўда, на іншыя пасады, ён згаджаўся на меншую зарплату. Яго змушалі прайсьці псыхіятрычны агляд. Але ён па-ранейшаму працягваў рэзаць праўду-матку пра сытуацыю ў мэдычных установах Віцебску і незайздроснае становішча лекараў.
У інтэрвію абласных і рэспубліканскіх СМІ карэспандэнты задавалі Ігару Пастнову слушнае пытаньне, маўляў, навошта яму трэба быць «белай варонай»? На што Ігар Аляксеевіч адказваў так:
– У верасьні 2012 году я выклаў у інтэрнэце ўсе факты: што абяцана было выканаць старшынём Віцебскага аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам, і што рэальна зроблена. А ўжо ў сьнежні абвясьцілі, што не працягваюць са мною кантракт.
Дарэчы, Пастноў заўсёды адзначаў у сваіх інтэрвію, што пацярпеў за асабістыя перакананьні.
– Не магу абыякава глядзець на тое, у якіх умовах часам аказваюцца нашы пацыенты, асабліва дзеці, – тлумачыў ён сваё «дысыдэнцтва».
– А ўсё пачалося ў 2008 годзе, калі Віцебскі аблвыканкам узначаліў Аляксандар Косінец. У мэдычных колах прызначэньне доктара мэдычных навук шмат хто ўспрыняў станоўча: маўляў, калега, ведае пра сытуацыю ў мэдыцыне ўсё і ўся знутры, будзе зацікаўлены выкараняць недахопы ў сыстэме аховы здароўя. Аднак губэрнатар Віцебшчыны павёў палітыку стварэньня зь Віцебску культурнай сталіцы. Справа добрая – не паспрачаесься. Але ў мяне гэта выклікала некаторае зьдзіўленьне: як ствараць культурную сталіцу, калі сацыяльная сфэра ў галіне ляжыць на лапатках. На той момант толькі ў ахове здароўя крыкам крычалі многія праблемы. Інфэкцыйны шпіталь Віцебску была падобны да бамжатніку: побытавыя ўмовы не вытрымлівалі ніякае крытыкі. 2-і гаршпіталь жыхары Віцебску называлі «далінай сьмерці». Там задумалі стварыць аддзяленьне для рэабілітацыі інсультных хворых, але ўмовы для гэтага не былі створаныя: будынак шпіталя стары, будаваўся для завадзкой арганізацыі, палаты нагадвалі казэматы, ложкі нязручныя, матрацы дзіравыя. Там ляжачыя хворыя папросту гнілі. У гэты самы час абсталёўвалася плошча Перамогі – манумэнтальнай паказухай мантачылі велізарныя сродкі. Дарэчы, у рэспубліканскай газэце «Народная воля» пра гэтую паказуху пісаў ўласны карэспандэнт Сяргей Буткевіч (цяпер нябожчык).
Я хацеў пра ўсё гэта сказаць асабіста Косінцу. Але на прыём да яго ня трапіў, у ягоны габінэт мяне не пусьцілі, сказалі, што яму няма калі, прапанавалі запісацца на чаргу. Толькі праз тры гады (у 2011 годзе) ён мяне прыняў – і тое, калі я патэлефанаваў на "Гарачую лінію", якую губэрнатар праводзіў у пачатку студзеня 2011 году, і ў прысутнасьці журналістаў запытаўся: маўляў, што ў вас, Аляксандар Мікалаевіч, бракуе харызмы сустрэцца са мной сам-насам? І Косінец мяне прыняў.
Размаўляў правакацыйна, як мне здалося, спрабаваў вывесьці мяне зь сябе. Калі я прадставіўся: «Доктар Пастноў», ён заявіў: «Які вы доктар? Гэта я доктар!». Мабыць, маючы на ўвазе, што ён доктар мэдычных навук. Я парыраваў: «Не, гэта я доктар. А вы, Аляксандар Мікалаевіч, здрадзілі мэдыцыне, сталіся, прабачце, абласным заўгасам. І наогул, доктар, лекар – словы-сынонімы. Увогуле, канструктыўнай размовы не атрымалася.
Чаму такая была рэакцыя зь ягонага боку – вядома.
Калі Аляксандар Косінец яшчэ ў 2008 годзе мяне ня прыняў, я стаў пісаць на яго імя лісты, у якіх паказваў на хібы ў мэдустановах Віцебску. Мае лісты перасылаліся ў аблздраў, адтуль прыходзілі адпіскі: маўляў, рамонт ідзе, на гэта выдаткавана вось столькі грошай і г.д. То бок казалася, што касмэтычны рамонт мэдустаноў ідзе, але я ж пісаў пра тое, што мэдычная сфэра патрабуе капітальнага рамонту.
У крузе першым
– Тады я пайшоў на прыём да памочніка прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці Віктара Піліпца і адкрыта заявіў: «Спадар памочнік, вас і прэзыдэнта падманваюць. Возяць толькі па паказушных аб'ектах». Мой візыт да Піліпца быў пасьля наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам біяфабрыкі ў пасёлку Доўжа Віцебскага раёну. Былі яшчэ і іншыя візыты: Лукашэнка адкрыў радзільню ў Віцебску, хірургічнае аддзяленьне ў шпіталі хуткай дапамогі. А чаму б прэзыдэнту не паказаць інфэкцыйны шпіталь?! Пра гэта я і запытаўся ў Піліпца. Да таго ж, усе аб'екты, якія новы кіраўнік вобласьці паказваў прэзыдэнту, былі закладзеныя ці рэканструяваныя яшчэ пры старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Андрэйчанку.
Візыт скончыўся тым, што Піліпец прыехаў у сярэднюю школу № 4, дзе я працаваў ад паліклінікі лекарам, і пацьвердзіў мае словы: прыбіральні разьбітыя, у спартовай залі недахопы. Ну і гэтак далей. Амаль усе грошы, якія былі заплянаваныя на рамонт сярэдніх навучальных устаноў Віцебску, перавялі нашай школе. І дырэктар яшчэ потым атрымаў наганяй.
Але я ж не дзеля таго хадзіў! Не дзеля такой, прабачце, вузкалобай рэакцыі. Калі ўжо брацца за сацыяльную сфэру, дык вырашаць трэба ўсё кардынальна.
Дзіўна, аднак адукаваны чалавек, які загадзя ведаў, што праўдалюбства нічога, акрамя праблем, яму ня дасьць, усё ж працягваў абіваць парогі ўладных структур. Да таго ж, сьцьвярджаў, што наогул усе гэтыя прыёмы грамадзян – фікцыя.
– Чатыры гады ў Віцебску будуецца хірургічны корпус №2 абласнога анкадыспансэру. Людзі пасьля апэрацыяў ляжаць у калідорах. Я адказваю за свае словы: на жаль, сам сутыкнуўся з гэтым, там нядаўна памерла мая мама. Статыстыка па анказахворваньнях страшная – кожны 40-ы жыхар Віцебшчыны стаіць на анкалягічным уліку. Хірургічны корпус, як заяўляў Косінец, павінны былі здаць у 2011 годзе. Але ня здалі. У верасьні 2012 году я выклаў у Інтэрнэце ўсе гэтыя факты па мэдустановах гораду: што абяцана Косінцам, і што рэальна зроблена.
Але, мабыць, крытыку ў нас не любяць. У сьнежні мне абвясьцілі, што са мною не працягваюць кантракту.
У крузе другім
– З упэўненасьцю лічу, што за крытыку мяне звольнілі з працы. Іншых рычагоў узьдзеяньня на мяне не было. Я казаў праўду. Я ніякі не апазыцыянэр, я галасаваў за гэтую ўладу, шчыра ёй верыў і лічыў, што калі ўлада праводзіць прыёмы грамадзян, то сапраўды хоча ведаць пра сапраўдны стан спраў у рэгіёне, лічыў нават сваім абавязкам падказаць, якія ёсьць праблемы ў віцебскай ахове здароўя. Мне здавалася, што ўлады зацікаўленыя будаваць дзяржаву, у якой бы добра жылося ўсім – і шараговаму лекару, і чыноўніку. Калі б я кагосьці ашальмаваў ці схлусіў, думаю, мяне б прыцягнулі да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасьці. Але ніхто ў суд з пазовам на Пастнова не пайшоў. Супраць мяне вырашылі дзейнічаць інакш. Са мной папросту не працягвалі кантракты. Двойчы, першы раз у 2010 годзе.
Я працаваў участковым пэдыятрам на паўтары стаўкі ў дзіцячай паліклініцы №3. Працаваў сумленна, да 2008 году ў маёй працоўнай кніжцы толькі падзякі. Але як толькі я пачаў казаць пра хваробы віцебскай аховы здароўя, мне паспрабавалі зладзіць абсьледаваньне: ці нармальны я. У 2010 годзе я атрымаў ліст зь Віцебскага абласнога псыханэўралягічнага дыспансэру з запрашэньнем прыйсьці да іх у сувязі з «Вашымі неаднаразовымі зваротамі ў розныя дзяржаўныя органы».
Я, вядома, нікуды не пайшоў. Праз 20 дзён атрымаў другі ліст з дыспансэру, у якім было сказана, што мяне туды запрашаюць «у сувязі з адношаньнем, якое паступіла зь Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту». Я і гэтае запрашэньне пакінуў без увагі. А паколькі падыходзіў да канца тэрмін заключанага са мною працоўнага кантракту, адміністрацыя гарадзкой паліклінікі №3 папросту яго не працягнула без тлумачэньня прычын: правы чалавека ў Беларусі ніхто не абароніць, тым больш, «кішэнныя прафсаюзы».
Я пайшоў на прыём да памочніка прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці. На той момант гэта быў ужо Мікалай Дамашкевіч. І ён загадаў мяне аднавіць на працы.
Аднавілі. Але не участковым пэдыятрам. Прапанавалі пасаду, ад якой, думалі, я адмоўлюся – пэдыятра-кансультанта фельчарска-акушэрскіх пунктаў Віцебскага раёну. Я езьдзіў да хворых дзяцей у вёскі на папутках за 1,8 мільёна зарплаты. Мільён восемсот – гэта на стаўку з чвэрцю.
Але і на гэтай пасадзе мне працаваць не далі. Кантракт заключаны на два гады. Тэрмін скончыўся, кантракт не працягнулі.
Калі ўвосень 2012 году Косінец на ўсю краіну заявіў, як добра жывуць на Віцебшчыне, што сярэдні заробак у рэгіёне ўжо 500 даляраў, а ў 2013 годзе будзе 700, я выклаў у інтэрнэт свой разьліковы аркуш.
Добра, мне плацілі 1 мільён 800. Думаеце, іншыя лекары жывуць нашмат лепш? Мая аднакурсьніца зарабляе ў пераліку 450 даляраў, але яна вядзе 2 ўчасткі ў паліклініцы, а па выходных падзарабляе дзежурантам ў шпіталі.
Убогія лекары – гэта ўжо пытаньне дзяржаўнай бясьпекі. Таму што за такую зарплату яны працаваць ня будуць, па магчымасьці пачнуць ўладкоўвацца на фірмы, зьязджаць з краіны. Напрыклад, тэрапэўт з амбуляторыі вёскі Замасточча звольніўся, зьехаў у Расію, напісаў мне, што яму адразу далі зарплату 40 тысяч расейскіх рублёў. Гэта 1300 даляраў.
Беспрацоўным я ня быў доўга – за мяне заступіліся бацькі маіх пацыентаў з Замасточча, Янавіч, іншых вёсак. Сталі пісаць лісты на імя Дамашкевіча з просьбай вярнуць мяне на ўчастак. І зноў памочнік прэзыдэнта ўмяшаўся ў мой лёс: ён распарадзіўся працаўладкаваць Пастнова на працу паводле спэцыяльнасьці. Яны за гэта ўхапіліся, паднялі мае дакумэнты, высьветлілі, што я ў 1992 годзе праходзіў інтэрнатуру па псыхіятрыі (па пэдыятрыі я праходзіў спэцыялізацыю ў 1996 годзе). Мне прапанавалі месца псыхіятра ў дзіцячым прытулку.
Але гэтаму папярэднічала вельмі непрыгожая гісторыя.
Мяне запрасіў галоўны ўрач дзіцячай раённай паліклінікі і ў прысутнасьці начальніка аддзелу кадраў і юрыста заявіў: пройдзеш псыхіятрычны агляд, што ты можаш займацца мэдычнай дзейнасьцю, – я працягну з табою кантракт. Я паверыў, добраахвотна пайшоў на гэта агляд. Я хацеў працаваць пэдыятрам, да таго ж мне тэлефанавалі мамы зь вёсак, прасілі вярнуцца: ну няма каму лячыць іх дзяцей, а езьдзіць мамам ў Віцебск дорага.
У псыхадыспансэры я прайшоў тэст, потым была створаная ўрачэбна – кансультацыйная камісія. Заключэньне УКК: здаровы, але мае асаблівасьці характару.
Адылі чыноўнікам верыць нельга. У дзіцячую паліклініку мяне назад не ўзялі. Хоць ведалі, што я вельмі добра выконваю сваю працу. Думаеце, яны ня спраджвалі? Спраджвалі і крыжаваныя праверкі ладзілі, карткі пацыентаў правяралі. Калі б нешта ў маёй працы было ня так, распачалі б пераатэстацыю – і ўсё, не трэба было б гэтага шуму з аглядам чыніць.
Магчыма, з-за перажываньняў у мамы здарылася анкалёгія. Яна вельмі нэрвавалася, асабліва калі міліцыя стала прыходзіць да суседзяў, цікавіцца, што я за чалавек, як паводжуся. Але яна ведала, што я не для сябе ўсё гэта раблю.
Затым мяне прынялі – на пасаду псыхіятра-рэабілітоляга ў абласны Цэнтар здароўя. Участак працы вельмі цікавы, выдатнае працоўнае месца. У зарплаце выйграў, атрымаў 3 мільёны, а не 1 мільён 800. Пабываў на курсах павышэньня кваліфікацыі ў Менску.
Гэтакія вось зьменлівасьці лёсу: курсы ў Менску былі па тэме аб псыхалёгіі асобы, паводніцкіх рэакцыях асобы...
Я ўпэўнены, што мяне хацелі зрабіць псыхапатам, прызнаць вар’ятам, паставіць сур'ёзны дыягназ. Але мае калегі-псыхіятры былі сумленнымі, і я ўдзячны ім за гэта. Хоць, на жаль, у нашым грамадзтве псыхіятрыю часам ужываюць як нож, выкарыстоўваючы для барацьбы зь непажаданымі. А так быць не павінна. Таму што гэта яшчэ страшней, чымся турма. У няволі чалавек можа змагацца за свае правы, а калі чалавека прызнаюць вар’ятам, ён пазбаўляецца ўсялякіх правоў, ён ня можа сам за сябе пастаяць. А ўявіце, калі чалавека памылкова прызнаюць вар’ятам?!
Псыхіятрычных хворых у нас дагэтуль лечаць прымусова.
Я – лекар з 20-гадовым стажам. З чырвоным дыплёмам скончыў мэдінстытут, у мяне за 45 гадоў жыцьця не было ніводнага адміністрацыйнага парушэньня, канфліктаў з законам, але я мусіў даказваць, што я псыхічна здаровы. Хаця я да канца сябе яшчэ не рэабілітаваў.
Я кантактны чалавек, не канфліктны, выдатна працаваў, ня меў скаргаў ад пацыентаў, адаптаваны нават да нашага грамадзтва. А тое, што я зьвярнуў увагу на праблемы ў ахове здароўя... Дык яны ёсьць! Нават карупцыйнага характару. Уявіце сабе, пляменьнік Косінца – галоўны лекар першага віцебскага гарадзкога клінічнага шпіталя, а ў маёй начальніцы Алены Мартынавай ў намах муж па псыхіятрыі. Больш таго, у год ашчаднасьці, калі краіна з працягнутай рукой ледзь зводзіць канцы з канцамі, губэрнатару будуюць шыкоўны катэдж у Віцебску па вуліцы Даватара. Я і пра гэта выклаў зьвесткі ў інтэрнэце. Вось і абрынуўся гром з маланкамі на маю галаву.
Калі са мною не працягвалі кантракт у 2010 годзе, галоўны пэдыятар гораду заявіла: ты ганьбіш сваіх калег-мэдыкаў. Але я ніколі не сказаў ніводнага дрэннага слова пра нашых лекараў. У нас сапраўды выдатны людзкі рэсурс у мэдыцыне, стандарты лячэньня добрыя. Але ўмовы жудасныя. Гэта злачынства, калі ў Віцебску чатыры гады будуецца хірургічны корпус анкадыспансэру. Пачалі б будаваць у 2008 годзе, да крызысу, глядзіш, і будынак бы ўжо эксплёатаваўся. А сёньня там яшчэ даху няма. І гэтак па ўсіх аб'ектах, пра якія я казаў яшчэ ў 2008 годзе.
Варта нагадаць. Доктара, які ўздымаў набалелыя пытаньні, зласьліўцы спрабавалі ачарніць ў інтэрнэце. На жаль, дзяржаўная газэта «Советская Белоруссія», куды зьвяртаўся Пастноў з набалелымі пытаньнямі, пераадрасавала яго пытаньні таму, на каго просьбіт скардзіўся.
Падобна да таго, чара цярпеньня была перапоўненая, калі Ігар Пастноў ў чарговы раз выступіў на адным з сайтаў інтэрнэту зь відэазваротам да віцебчукоў з нагоды прымусовай шпіталізацыі бамжоў і сацыяльна неўладкаваных грамадзян. Ён заявіў, што рашэньнем Віцебскага аблвыканкаму, прынятым напярэдадні фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», міліцыя была абавязаная згаданую катэгорыю гараджан дастаўляць у цэнтар псыхіятрыі для прымусовай шпіталізацыі.
Пакуль аматары эстрады весяліліся, сацыяльна абяздоленыя людзі знаходзіліся ва ўмовах ўціхамірваньня. На думку Ігара Постнова, такое зьняволеньне на «лячэньне» – ня што іншае як распальваньне варожасьці па сацыяльнай прыкмеце, дый беззаконьне. На тытульным аркушы гісторыі хваробы запісваўся дыягназ: «бомж». Прычына шпіталізацыі пазначалася: «па сацыяльных матывах». Падстава: «па распараджэньні аблвыканкаму». На жаль, у такія «сеткі» трапляліся ня толькі бамжы. Папросту супрацоўнікам міліцыі мог не спадабацца чыйсьці выгляд.
Пасьля, паводле інфармацыі Пастнова, у псыхушку сталі пад канвоем дастаўляць хлебаробаў, заўважаных знаходжаньнем на падпітку. Ну а далей падзеі разьвіваліся імкліва. Наўпрост з працоўнага месца Ігара Аляксеевіча Пастнова праводзілі ў палату 2-га закрытага аддзяленьня той самай лякарні, дзе ён і працаваў, азнаёміўшы пры гэтым з санкцыяй пракурора. Потым суд Віцебскага раёну вынес вэрдыкт аб прымусовым лячэньні «вязьня псыхіятрыі»...
Уладзімер Жыгулоў
Крыніца: Дыялёг Online газэта