Паводле праваабаронцы, Ігар Пастноў ня мае прэтэнзіяў, што да ўмоваў яго ўтрыманьня ў лякарні. Аднак ён па-ранейшаму лічыць, што над ім учынілі беззаконную расправу за яго публічныя выказваньні, і просіць падвергнуць гэтыя выказваньні экспэртызе.
Пастноў сьцьвярджае, што яго «ўвязьненьне дзеля прымусовага лячэньня ў засьценках Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі» парушае яго правы. Знаходзячыся ў няволі, Ігар Пастноў ня мае магчымасьці самастойна абараніць сябе, таму ён аформіў даверанасьць на імя Пятра Іванова, каб апошні ажыцьцяўляў абарону яго правоў і законных інтарэсаў у дзяржаўных органах Беларусі і ў міжнародных арганізацыях.