Аўторак, 20 Жнівень 2019

Павіншуйце з народзінамі Алеся Юркойця!

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Алесь Юркойць на судзе. 2017 год. Фота: svaboda.org Алесь Юркойць на судзе. 2017 год. Фота: svaboda.org

У пятніцу 23 жніўня дзень народзінаў адзначае краязнаўца, асьветнік і папулярызатар беларускай культуры і мовы Алесь Юркойць. У 2017 годзе ён быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня па справе мытнікаў і адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі “Віцьба”. Сваёй віны Юркойць не прызнаў. Беларускі ПЭН-цэнтар заклікае павіншаваць зьняволенага са сьвятам.

Алесь Юркойць жыў у вёсцы Варняны, што на Астравеччыне. Каля 20 гадоў працаваў інспэктарам на Ашмянскай мытні. Усталяваў памятныя камяні і шыльды беларускім паэтам Казімеру Сваяку ў Вільні, Янку Быліну ў Клюшчанах, адкрыў музэй братоў Стаповічаў у вёсцы Барані, арганізаваў міжнародныя плэнэры жывапісцаў (2007) і скульптараў (2008), паэтычны слэм (2013), правёў шмат лекцый, прэзэнтацый кніг, вандровак і экскурсій.

Алесь стварыў таварыства “Вільняр” – адзіную на Астравеччыне нефармальную краязнаўчую суполку, якая вывучала і пашырала веды пра свой родны край. Таксама Юркойць паставіў помнік паўстанцам у вёсцы Слабодка да юбілею паўстаньня Кастуся Каліноўскага, адшукаў 20-ы пункт Дугі Струвэ і арганізаваў “Касінерскі фэст”.

Што пісаў пра Юркойця блогер Лапшын

Блогер Аляксандар Лапшын, які ў 2016 годзе быў затрыманы ў Беларусі і  выдадзены ўладамі на запыт Азэрбайджану, правёў некаторы час з Алесем Юркойцем у менскім СІЗА-1. Вось што ён пісаў у лютым 2018-га:

“Алесь Юркойць – гэта другі мой сябар і сукамэрнік па 75 камэры менскай турмы. Адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцьці. Патрыёт сваёй краіны і проста разумны і адукаваны чалавек. Яго віна была ў тым, што ён адмовіўся даваць фальшывыя сьведчаньні супраць сваіх калегаў”.

І яшчэ: “Яго.. абвінавацілі ў хабарах выключна на падставе паказаньняў яго калегі па ашмянскай мытні, які даслоўна сказаў на судзе: "Я думаю, што Юркойць браў, бо мы ўсе бралі". Алесь не прызнаў сваёй віны, і ніякіх доказаў яго віны не было і быць не магло. Насамрэч Юркойць атрымаў 7 гадоў у турме за тое, што не павёў сябе як мярзотнік”.

Паштоўкі можна падпісаць у ПЭН-цэнтры

Беларускі ПЭН-цэнтар заклікае з 19 па 21 жніўня (з 17.00 да 19.00) прыходзіць у офіс цэнтру (вул. Залатая горка, 2-101), дзе можна падпісаць паштоўкі і адкуль віншаваньні будуць арганізавана адпраўленыя на адрас Алеся.

Паштоўку можна адправіць і самастойна.

Пішам на адрас: 211300, Віцебская вобласьць, г/п Віцьба, ПК-3, атр. 8, А.Я. Юркойцю.