На фотаздымках, разьмешчаных ім у інтэрнэце, відаць тры чалавекі з плякатамі. Невялікую колькасьць удзельнікаў імпрэзы Аляксандар Лапшын патлумачыў гэтак: «Была думка даць абвестку ў Фэйсбуку і ЖЖ, што ўсе ахвотныя заявіць пра сваю грамадзянскую пазыцыю запрашаюцца ў такі й такі час да амбасады Беларусі. Але вырашылі гэтага не рабіць. Лукашэнка мае ў Летуве досыць разгалінаваную агентуру, накіраваную пераважна супраць уласнай апазыцыі тут і ў Польшчы, але таксама здольную на правакацыі і гвалт у дачыненьні да іншых».
Імя Аляксандра Лапшына, грамадзяніна трох краін – Расеі, Ізраілю і Ўкраіны – стала шырока вядомым беларускай грамадзкасьці пасьля яго затрыманьня ў сьнежні 2016 году ў Менску. Нагодай для затрыманьня стаў той факт, што ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук Інтэрполам на запыт Азэрбайджану, дзе на яго завялі крымінальную справу за несанкцыянаваны ўладамі гэтай краіны ўезд у Нагорны Карабах.
Аляксандар Лапшын быў зьмешчаны ў менскае СІЗА №1, дзе прабыў да лютага 2017 году, калі беларускія ўлады выдалі яго Азэрбайджану, нягледзячы на заклікі з боку Расеі і Ізраілю не рабіць гэтага. У Баку блогер быў прысуджаны да трох гадоў зьняволеньня, але ў верасьні 2017 году прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў прыняў рашэньне пра яго памілаваньне.
На адным з плякатаў, якія трымалі ў рукох удзельнікі нядзельнага пікету перад амбасадай Беларусі ў Вільні, яны напісалі «Lukashenko, stop kidnapping» («Лукашэнка, кінь выкрадаць людзей»). «Слоган "Lukashenko stop kidnapping" лічу найбольш прыдатным да гэтай нагоды. Не сакрэт, што Лукашэнка гандляваўся за мяне з Расеяй і Ізраілем, прапануючы не выдаваць Азэрбайджану ўзамен на тыя ці іншыя прэфэрэнцыі», – патлумачыў Аляксандар Лапшын.
На другім плякаце пікетоўцы выказалі патрабаваньне вызваліць траіх вязьняў, зьмешчаных па рэзанансных крымінальных справах у папраўчую калёнію ў пасёлку Віцьба. Удзельнікі пікету лічаць іх невінаватымі, а іхныя справы сфабрыкаванымі. «Брытанскі бізнэсовец Алан Сьміт, японскі мастак Даічы Ёшыда і беларускі краязнаўца і патрыёт сваёй краіны Алесь Юркойць. Пакуль мы з вамі бавімся перад маніторамі і ў коле сям'і ў сябе дома, гэтыя людзі выжываюць у нялюдзкіх умовах у віцебскай калёніі нумар 3», – гаворыцца ў блогу Аляксандра Лапшына.
З двума з траіх, чые імёны напісалі на плякаце, Алесем і Даічы, ён знаёмы асабіста. Разам давялося знаходзіцца ў камэры менскага СІЗА. Пра гісторыю Алана ён даведаўся пазьней ад яго блізкіх праз інтэрнэт.
Грамадзянін Японіі Даічы Ёшыда, мастак, які малюе ў стылі манга, апынуўся за кратамі ў Беларусі, бо няўдала выбраў маршрут пералёту на радзіму з Украіны, куды езьдзіў на фэстываль манга. У сувэнірнай краме ўкраінскай сталіцы набыў затвор і ствольныя каробкі да вінтоўкі Мосіна. Нараканьняў з боку службы бясьпекі аэрапорту Кіева, якая старанна праверыла багаж японца, такія сувэніры не выклікалі. На сваё няшчасьце, вырашыў ляцець транзытам празь Менск. У менскім аэрапорце яго затрымалі нібыта за правоз агнястрэльнай зброі. Было сьледзтва. Потым суд. Атрымаў 4 з паловай гады зьняволеньня.
Надоечы Вярхоўны суд разгледзеў скаргу адваката Даічы і паведаміў, што прысуд у дачыненьні да яго слушны: «Усе акалічнасьці справы судом дасьледаваныя ўсебакова, поўна і аб'ектыўна. Учыненае Ёшыдам Даічы паводле ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК кваліфікаванае правільна... Немагчымасьць дасягненьня мэтаў крымінальнай адказнасьці Ёшыды Даічы праз прызначэньне больш мяккага пакараньня, чым пазбаўленьне волі, матывавана, і лічыць яго несправядлівым прычын ня маецца. Пры такіх акалічнасьцях падставаў для задавальненьня скаргі і прынясеньня пратэсту на судовыя рашэньні, што адбыліся, ня ўгледжваецца».
Сядзець японцу-мастаку ў беларускай калёніі засталося яшчэ тры гады.
«Алесь Юркойць – гэта другі мой сябар і сукамэрнік па 75 камэры менскай турмы, – распавядае блогер Лапшын. – Адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцьці. Патрыёт сваёй краіны і проста разумны і адукаваны чалавек. Яго віна была ў тым, што ён адмовіўся даваць фальшывыя сьведчаньні супраць сваіх калегаў».
Грамадзкі актывіст Алесь Юркойць праходзіў па гучнай справе ашмянскіх мытнікаў, якіх абвінавацілі ў хабарніцтве. «Яго.. абвінавацілі ў хабарах выключна на падставе паказаньняў яго калегі па ашмянскай мытні, які даслоўна сказаў на судзе: "Я думаю, што Юркойць браў, бо мы ўсе бралі". Алесь не прызнаў сваёй віны, і ніякіх доказаў яго віны не было і быць не магло. Насамрэч Юркойць атрымаў 7 гадоў у турме за тое, што не павёў сябе як мярзотнік», – піша Лапшын.
Напісаў ён і пра добра знаёмую нашым чытачам справу англічаніна Алана Сьміта, асуджанага судом Глыбоцкага раёну да двух гадоў за нібыта арганізацыю незаконнай міграцыі групы курдаў з Іраку: «Абсалютна бяздоказныя абвінавачаньні, якім папярэднічала вымаганьне грошай з боку сьледчых». Дарэчы, Алан Сьміт мог бы быць ужо на волі. Але ён адмовіўся ад умоўна-датэрміновага пакараньня, на якое мог разьлічваць па адбыцьці паловы прысуджанага яму тэрміну, бо каб атрымаць магчымасьць выйсьці з турмы такім спосабам, ён павінен быў падпісаць паперу з прызнаньнем сваёй віны.
Паколькі пікет праходзіў у дэмакратычнай краіне, то, натуральна, ніхто затрыманы ня быў. Але, паводле сьведчаньня Аляксандра Лапшына, імпрэза выклікала цікавасьць з боку супрацоўнікаў беларускай амбасады: «Бацькавы халопы, што заселі за зялезным плотам, фатаграфавалі нас з таго боку плоту. Прычым гэта нядзеля, непрыёмны дзень. Па ідэі, пэрсанал павінен быць дома. Хацелася сказаць: дзецюкі, не марнуйце час, пагугліце з маім імем – атрымаеце тысячы маіх фота ва ўсіх іпастасях».
https://viciebskspring.org/news/akcyi/item/2694-lya-belaruskaj-ambasady-u-letuve-prajshou-piket-u-padtrymku-vyaznyau-kaljonii-vitsba-3#sigProId807e2080a2
Кастусь Дзьвінскі
Фота: Аляксандар Лапшын