Чацвер, 15 Жнівень 2019

Аршанцы зьбіраюць подпісы, каб вярнуць беларускую мову ў грамадзкі транспарт

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)

“Грамадзкі транспарт Воршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае толькі расейскую мову ў сваёй працы. Беларуская мова, на якой раней абвяшчаліся прыпынкі ў аўтобусах, адсутнічае як у абвестках, так і ў раскладах на прыпыначных пунктах”, – гаворыцца ў пэтыцыі, якая зьявілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад”.

Гэта ўжо ня першая спроба жыхароў Воршы беларусізаваць сфэру грамадзкага транспарту ў родным горадзе і раёне. Раней “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” выказваў нават гатоўнасьць супрацоўнічаць у гэтым пытаньні, але далей за “гатоўнасьць” справа не пайшла.

Пад электронным зваротам на адрас Аршанскага райвыканкаму за адзін дзень падпісалася каля 150 чалавек.

“У той момант, калі ў іншых гарадах Беларусі прыпынкі аб'яўляюцца і падпісваюцца на беларускай мове, у Воршы гэтага няма. Сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарку і звароты туды ня далі плёну. Размовы пра захаваньне спадчыны, традыцыяў, выступы з заклікамі пра пашану да малой радзімы ня маюць аніякага сэнсу, калі родная мова выціснутая з усіх сфэраў жыцьця ў Воршы і Аршанскім раёне”, – сьцьвярджаюць аўтары пэтыцыі.

Напярэдадні зьяўленьня пэтыцыі адказ на падобны зварот у райвыканкам атрымаў аршанскі актывіст Арцём Сізінцаў. Першы намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргей Пац у сваім адказе спасылаецца на Канстытуцыю і дзьве дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую.

“Раней у гарадзкім грамадзкім транспарце Воршы прыпыначныя пункты аб’яўляліся на беларускай мове. Аднак па шматлікіх зваротах, якія паступаюць на адрас філіялу “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” і Аршанскі райвыканкам, было прынятае рашэньне аб’яўляць прыпыначныя пункты на рускай мове”, – адказаў чыноўнік.

“Адказ за подпісам намесьніка старшыні выканкама спадара Паца, які адказвае за транспартную галіну, нічым не зьдзівіў – усё гэта можна было прадугледзець. Дзьве дзяржаўныя мовы, “заўвагу прынялі да ведама” і таму падобная вада. Пры маіх ранейшых зваротах наконт сымболікі чужой дзяржавы – Расеі – у адказах прынамсі пісалася пра правядзеньне “тлумачальных гутарак”, цяпер і гэтага няма. А расейскія сьцягі сустракаюцца (ў аўтобусах) рэгулярна, у адным прыбяруць, у другім зьявяцца. Гэта сьведчыць пра тое, што на агульных сходах ніхто нават гутарак, ня тое што мэтанакіраванай палітыкі, не праводзіць”, – пракамэнтаваў адказ Паца Арцём Сізінцаў.

У пэтыцыі, якая зьявілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад”, актывісты патрабуюць вярнуць беларускую мову ў грамадзкі транспарт гораду Воршы.

Зьміцер Міраш