Якраз тры гады таму ў гэты дзень праз сродкі масавай інфармацыі грамадзкасьць ўпершыню даведалася пра пахаваньні рэпрэсаваных, знойдзеныя віцебскімі актывістамі ў лесе за некалькі кілямэтраў ад вёскі Хайсы.
За гэты пэрыяд ініцыятыўныя грамадзяне пасьпелі зрабіць нямала: 34 крыжы памяці, указальнікі, шыльды з надпісамі, дзесяткі апытаных сьведкаў, аўдыё- і відэаматэрыялы ўспамінаў мясцовых жыхароў, якія чулі пра масавыя расстрэлы і пахаваньні ў сваім лесе. Ля кожнай магілы – асобны драўляны крыж. Чатыры мэталёвыя крыжы з шыльдамі пастаўленыя з абодвух бакоў лесу ля дарог, па якіх вазілі рэпрэсаваных. Крыж, усталяваны цяпер, – самы вялікі.
Акрамя мужчынаў, якія талакой усталёўвалі крыж, паглядзець на сягоньняшнюю дзею прыехалі хайсоўцы Зьміцер Ганчароў, Тамара Юркайць, Тамара Дзеравянка. У кожнага зь іх свая гісторыя, свае ўспаміны пра сталінскія часы. І калі 89-гадовы Зьміцер Ганчароў бачыў падзеі на ўласныя вочы, то жанчыны прыгадваюць пра перадваенныя зьнішчэньні ў лесе зь пераказаў іх бацькоў і родных.
Распавядае Тамара Юркайць (1949 г. нар.), былая старэйшына вёскі Хайсы:
– У дзяцінстве я была вельмі цікаўнай дзяўчынкай. Я добра памятаю падзеі мінулага, пачынаючы з трох гадоў. Памятаю нават лепей, чым тое, што было год таму. Недзе з канца 50-х прыгадваю размовы старэйшых на кухні. Я слухала дарослых і запамінала. Бог даў мне добрую памяць, і я памятаю тыя размовы.
Так, у гэтым лесе было забіта і пахавана шмат людзей. Зьняволеных вазілі на машынах якраз каля дому майго дзядзькі Пятрака Малашэнкі. Як ён распавядаў, з надыходам ночы пачыналі ісьці машыны, а затым празь нейкі час зь лесу чуліся стрэлы: та-та-та-та.
Я лічу, што вы пачалі вельмі высакародную справу. Вы ўсё правільна робіце! Гэта добра, што вы памятаеце пра тых людзей, што сышлі і глядзяць на нас зь неба. Я лічу, што гэтыя крыжы супакояць іхныя душы. Моладзь гэтага можа і не разумее, а з узростам пачынаеш думаць па-іншаму. І я кажу вам , як людзям, – вялікі дзякуй і нізкі вам паклон!
Нават нашыя жанчыны, якія ходзяць у ягады, нармальна ставяцца да ўсталяваных крыжоў. Яны кажуць: «Я сёньня была ў лесе, паклала да крыжоў печыва, паклала цукеркі».
Мы ж хрысьціяне і ведаем, што наведваць могілкі – гэта дабрадзейная справа. Пастаўленыя крыжы нікому не замінаюць. А калі дзяржава хоча весьці раскопкі, няхай капае. Я тое казала на сустрэчы ў Мазалаўскім сельскім савеце і зараз скажу. Пра тое, што тут немцы ў часе вайны не расстрэльвалі, я чула ад сваіх родных. Іхныя размовы падчас суботніх пасядзелак пасьля лазьні тычыліся толькі рэпрэсіяў, якія яны называлі «яжовымі рукавіцамі». Гэта наша гісторыя, і мы мусім пра яе памятаць.
Памятаюць, на жаль, толькі грамадзкія актывісты ды вяскоўцы з навакольля. Мясцовая ўлада пакуль ігнаруе ініцыятыву грамадзянаў па ўшанаваньні памяці рэпрэсаваных і не жадае атаясамліваць знойдзеныя парэшткі з часамі сталінізму.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2553-tsyaper-kryzh-u-pamyats-represavanykh-mozhna-zauvazhyts-z-darogi-vitsebsk-garadok#sigProId5d3c27718e
С. Горкі