Паводле задумы, ВБУ мусіць стаць кузьняй нацыянальных кадраў для ажыцьцяўленьня будучых эканамічных і палітычных рэформаў у краіне. Праект унівэрсытэту, праца над якім ідзе ўжо другі год, падтрыманы такімі аўтарытэтнымі на Беларусі і вядомымі ў замежжы людзьмі, як Сьвятлана Алексіевіч, Алесь Бяляцкі, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Краўцэвіч, Уладзімер Дунаеў…
На пачатку сустрэчы Аляксандар Мілінкевіч папярэдзіў, што ўнівэрсытэт будзе адпавядаць сучасным навучальным тэндэнцыям, але будзе нетыповым для Беларусі. Нетыповасьць палягае у тым, што ён задуманы як унівэрсытэт дыстанцыйнага навучаньня. Гэта будзе не яшчэ адзін унівэрсытэт у выгнаньні кшталту ЭГУ, а віртуальная ВНУ. Гэткая арганізацыя навучаньня дазволіць атрымліваць добрыя веды кожнаму чалавеку, дзе б ён ні знаходзіўся, праз інтэрнэт. Такі падыход зэканоміць час, дасьць магчымасьць удасканальвацца, давучвацца і перавучвацца нават пасьля атрыманьня вышэйшай адукацыі.
Ёсьць прыклады, як найлепшыя дыстанцыйныя ўнівэрсытэты сьвету дасягаюць узроўню Кэмбрыджу і Оксфарду, а часам нават пераўзыходзяць іх. Лічбавае навучаньне ўжо шпарка крочыць па ўсім сьвеце. Яно дае магчымасьць рыхтаваць ня сотні, а тысячы і дзясяткі тысячаў спэцыялістаў. Пры гэтым такая сыстэма навучаньня можа быць недарагой і супэрпрывабнай.
Найгалоўнейшай мэтай ВБУ ініцыятары лічаць падрыхтоўку прабеларускай і праэўрапейскай эліты на Беларусі. Мабільнасьць беларускай моладзі ужо цяпер самая вялікая ў рэгіёне: за мяжой вучацца 34 460 студэнтаў. Але тут існуе перакос: 72 адсоткі студэнтаў зьяжджаюць вучыцца ў Расею і вяртаюцца адтуль з «рускім сьветам» у галаве – і гэта велізарная праблема, якую трэба вырашаць.
Напачатку праграму ўнівэрсытэту мяркуецца зрабіць з Польшчай, якая б давала права атрымліваць дыплёмы польскіх унівэрсытэтаў. Але ў плянах – выхад і на іншыя ўнівэрсытэты сьвету. Мовамі навучаньня будуць ангельская, польская і, зразумела, беларуская.
У Польшчы ўжо зарэгістраваная грамадзкая арганізацыя «Вольны беларускі ўнівэрсытэт» – гэта своеасаблівы апэратар, які будзе ладзіць сувязі паміж беларускімі студэнтамі і польскімі ўнівэрсытэтамі. У Менску і абласных гарадох будуць створаныя кансультацыйныя цэнтры, якія дапамогуць студэнтам адаптавацца да новага тыпу навучаньня. Яны ж дапамогуць у падрыхтоўцы дакумэнтальнай і юрыдычнай частак. Але найгалоўнейшай арганізацыйнай задачай зьяўляецца стварэньне анлайн-пляцформы, празь якую будзе ісьці навучаньне. Яна мусіць утрымліваць сама меней модулі 30-ці навучальных прадметаў. Кошт аднаго модулю сягае 10 тысячаў эўра. Дарэчы, польскі партнэр падарыў для праекту праграмнае забесьпячэньне коштам 300 тысячаў эўра, атрыманае ад Эўракамісіі.
Паколькі праект экспэрымэнтальны ды інавацыйны, варта пачынаць з пасьлядыплёмнай адукацыі, што дапаможа дасягнуць найхутчэйшых вынікаў. Як мяркуецца, першымі навучэнцамі дыстанцыйнага навучаньня мусяць стаць студэнты апошніх курсаў беларускіх унівэрсытэтаў і нядаўнія выпускнікі ВНУ, якія маюць намер вучыцца далей.
На першым этапе плянуецца падрыхтоўка спэцыялістаў у галіне публічнай палітыкі, эканомікі, фінансаў, мясцовага самакіраваньня, адміністраваньня…
Пасьля выступу Аляксандра Мілінкевіча прысутныя выказалі свае заўвагі і задалі яму пытаньні, што да канкрэтных нюансаў працы будучага ўнівэрсытэту.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2566-u-vitsebsku-abmerkavali-kantseptsyyu-volnaga-belaruskaga-universytetu#sigProIdaf46025ff9
С. Горкі