20 красавіка прадстаўнікі аргкамітэту наведалі месца пахаваньняў рэпрэсаваных, знойдзенае сёлета, дзе на працягу трох дзён працуюць вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну. Як выявілася, за гэты час поўная эксгумацыя парэшткаў адбылася з трох магілаў.
Пахаваньні, раскапаныя вандаламі, уяўляюць сабой яміны розных памераў і месьцяцца на адлегласьці 200-300 мэтраў ад знойдзеных грамадзкімі актывістамі ў 2014 годзе пахаваньняў.
Як кажа кіраўнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў, патрэба наведаць месца працы пошукавага батальёну выкліканая адсутнасьцю інфармацыі і той таемнасьцю, зь якой праводзяцца раскопкі. Насьцярожвае тое, што ніякай дакладнай інфармацыі грамадзкасьць не атрымлівае. Замест празрыстасьці і адкрытасьці косткі сьпехам выкопваюцца і вывозяцца зь лесу ў невядомае месца. Такое ўражаньне, быццам улада падчышчае тое, што гэтак неахайна зрабілі яе папярэднікі, і меркаваньне грамадзкасьці яе ў гэтай сытуацыі абсалютна не турбуе.
Выходзіць, што і ў часы сталінскага тэрору, і цяпер – гэта прыватная справа ўлады і тых, хто яе абслугоўвае. Уражвае і адзінства, што пануе ў асяродзьдзі чыноўнікаў і спэцыялістаў, заангажаваных ў гэтай справе. Без наяўнасьці пераканаўчых сьведчаньняў яны ўпэўненыя, што забітыя – ахвяры фашыстаў.
Так, старшыня аргкамітэту па ўшанаваньні памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебскім раёне, дырэктарка музэю імя М. Шмырова Ірына Шышкова заяўляе, што знойдзеныя сёлета парэшткі – гэта вязьні канцлягеру Бараўляны. Маўляў, не маглі за часамі сталінізму рэпрэсаваных забіваць гэтак далёка ад гораду.
Аднак жа ёсьць сьведчаньні Лідзіі Сухадольскай пра пахаваньні побач зь вясковымі могілкамі ля Бараўлянаў. На свае вочы яна бачыла, як расстрэльвалі і хавалі там вязьняў.
Да таго ж краязнаўца Пётар Цуранаў, які цяпер жыве ў будынку колішняй паштовай станцыі, ля якой у часы вайны і разьмяшчаліся баракі лягеру для ваеннапалонных, сьцьвярджае, што ведае дакладнае месца масавых пахаваньняў. Яно знаходзіцца недалёка ад былога лягеру, і там ляжаць каля 500 чалавек, а ня 250, як у тым пераконвае дасьледчык Уладзімер Адамушка ў сваёй кнізе.
У сераду Ян Дзяржаўцаў патэлефанаваў старшыню Мазалаўскага сельскага выканкаму Леаніду Дубіне, каб даведацца наконт таго, хто вядзе раскопкі ў лясным масіве ля Хайсоў: ці тое чорныя капальнікі, ці вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну.
Яшчэ тыдзень таму сябры ініцыятывы зьвярнуліся ў Віцебскі райвыканкам і Мазалаўскі сельскі выканкам з просьбай запрасіць падчас працы пошукавага батальёну археоляга з Акадэміі навук, каб той дапамог дакладна вызначыць час пахаваньняў. Аднак размовы са старшынём не атрымалася. Той запэўніў, што ва ўсім разьбярэцца сам і будзе дзейнічаць выключна паводле закону, ды неўзабаве кінуў слухаўку.
Даведацца, што эксгумацыяй займаецца менавіта 52-гі пошукавы батальён зь Лепеля, удалося ад дзяжурнага Віцебскага РАУС.
Колькі вайскоўцаў працуе на месцы раскопак – даведацца не ўдалося, але за тры дні эксгумавалі косткі з трох ямінаў, паглыбіўшы гэтых ямінвў да першапачатковых памераў. Наперадзе яшчэ шмат працы, але стаўленьне да вывезеных парэшткаў, відаць, застаецца ранейшым: забітыя ў лясным масіве ля Хайсоў – ахвяры фашыстаў.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2270-syabry-gramadzyanskaj-initsyyatyvy-khajsy-mayuts-pytanni-da-uladau#sigProId7316edf857
С. Горкі