– Сьвята добра зладжанае. Усё было нармальна. Адзінае, што ўражвае, гэта нібы ня сьвята журавін і журавоў, а сьвята міліцыянтаў. Навошта столькі міліцыі тут, не разумею. Каго яны тут ахоўваюць і каго ці чаго баяцца? У мінулыя гады іх не было тут столькі.
– Я родам зь Мёраў, жыву тут шмат гадоў і штогод прыходжу на сьвята, бо яднаньне з прыродай, гэта вельмі важна. Усё гэта вельмі цікава. Цяпер вось прыехалі дзеці, якія жывуць у Менску.
На Мёршчыне знаходзіцца адно з найбуйнейшых верхавых балот у Эўропе – Ельня, якому ўжо 9000 гадоў. У верасьні сюды прылятае каля 4000 шэрых журавоў, таму сьвята і праводзіцца ў гэтым месяцы. Да таго ж гэта гарачая пара збору журавінаў. Сёлета яе прадавалі на сьвяце па пяць з паловай рублёў за кіляграм.
Ганна, валянтэр:
– Тут пабывалі людзі з усіх кантынэнтаў. Больш за ўсё мяне ўразіла Аўстралія, што яны ўмудрыліся неяк сюды даляцець і пабываць. З Эўропы вельмі шмат падарожнічаюць, бо ў Эўропе практычна не засталося балот у натуральным стане. Беларусь – гэта кавалак, дзе можна пабачыць захаваныя натуральныя балоты розных тыпаў. Для іх гэта цікава, яны вывучаюць гэта.
Сёлета сьвята наведала і амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб. Фэстываль праходзіў у гарадзкім парку “Паўвостраў”. Падчас яго сельскія падворкі спаборнічалі ў конкурсе страў з журавінаў і ў “Жураўліным кірмашы”. Для дзяцей арганізавалі забаўляльную праграму. Працавала выстава-продаж вырабаў народных майстроў, адбыўся канцэрт з удзелам мясцовых калектываў і Цэнтру беларускай культуры зь Дзьвінску.
https://viciebskspring.org/news/ekaliohija/item/2915-ekalyagichny-festyval-zhuravy-i-zhuraviny-sjomy-raz-prajshou-u-mjorakh#sigProId4b5d3201c5
Тацяна Смоткіна, racyja.com