На Віцебскім аддзяленні дарогі прапануюць узнагароду за выяўленне на шляхах старонніх людзей і інфармаванне аб гэтым МУС і аператыўнага персаналу аддзялення дарогі. Такі заклік да чыгуначнікаў і проста да "неабыякавых пільных" грамадзян з'явіўся на інфармацыйных рэсурсах аддзялення пасля навагодніх свят. Такім чынам на Віцебскім аддзяленні спрабуюць змагацца з магчымымі "дыверсантамі" і "правакатарамі", здольнымі разбурыць чыгуначную інфраструктуру. 

На тэрыторыі Віцебскай вобласці прадаўжаецца спагнанне збору за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай граніцы ў пунктах пропуску. Рашэнне аб гэтым прыняў Віцебскі абласны "савет дэпутатаў" 30 снежня, а 12 студзеня яно было апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Збор уводзіцца на тэрмін да 1 студзеня 2025 года.

Напрыканцы снежня мінулага года дэпутаты гарсавета зацвердзілі інвестыцыйную праграму і бюджэт Віцебска на 2023 год. На думку незалежных экспертаў, эканамічная праграма віцебскіх улад выглядае залішне аптымістычнай з прычыны страты рынкаў збыту Украіны і заходніх краін, дэградацыі гарадской прамысловасці і палітычнай і эканамічнай эміграцыі кваліфікаваных працаўнікоў у Расію, у Польшчу і ў дзяржавы Балтыі. 

За мінулы год колькасць пажараў у рэгіёне засталася практычна на тым самым узроўні. У абсалютных лічбах гэта выглядае так: у мінулым годзе адбылося 941 здарэнне, а ў 2021 было зафіксавана 948 узгаранняў. Пад час іх загінулі 109 чалавек, гэта на 7 выпадкаў больш, чым у 2021 годзе. Ратавальнікам удалося выратаваць ад гібелі ў агні 59 жыхароў Віцебскай вобласці.

З пачатку новага года праз пункты пропуску Полацкага пагранатрада Віцебскай вобласці ў Беларусь без візаў уехала амаль 2000 іншаземцаў. Гэта ў 1,5 раза менш, чым у даваенным студзені 2022 года.