У Віцебску працягваецца «асвета» мясцовых жыхароў сталічнымі прапагандыстамі. Гэтым разам у актавай залі ААТ «Лотос» сабралі кіраўнікоў раённых адміністрацыі і так званы «ідэалагічны актыў» Першамайскага раёну для сустрэчы са старшынём праўлення ЗАТ «Второй национальный телеканал» Маратам Маркавым. Вектар размовы быў скіраваны на падмацаванне тэзы пра высокі ўзровень добрабыту ў сучаснай Беларусі ў супрацьвагу іншым краінам свету, дзе, па словах прапагандыста, «галадуюць каля 350 млн чалавек і каля 50 млн знаходзяцца на мяжы галоднай смерці». Марат Маркаў падкрэсліў, што небяспека страціць паспяховую стабільнасць абрынулася на на Беларусь у 2020г, і што падзеі ва Украіне павінны стаць урокам для беларускіх грамадзянаў.

Пашыранае паседжанне Каардынацыйнай рады грамадскіх арганізацый і палітычных партый адбылося 17 студзеня ў Віцебску, у якім прынялі крыху больш за 120 прадстаўнікоў партый і прадзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў. Такім чынам улады прадэманстравалі жыхарам Віцебскай вобласці наяўнасць свайго варыянту «грамадзянскай супольнасці», якая «пашытая» па савецкіх лякалах.

Сёлета ў Віцебскай вобласці выпускнікамі школ і гімназій стануць каля 5,3 тыс. адзінаццацікласнікаў. Ужо летам юнакам і дзяўчатам давядзецца на сабе адчуць "аб'ектыўнасць" і "роўнасць", падрыхтаванае рэалізацыяй Указа №2 які не так даўно быў падпісаны цяперашнім кіраўніком краіны. Гэтым дакументам зацверджана новая рэдакцыя Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Эксперты сцвярджаюць, што перад будучымі студэнтамі і іх бацькамі, верагодна, паўстануць нечаканыя перашкоды пры паступленні ў ВНУ. 

На пазачарговай сесіі Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў 18 студзеня было разгледжана кадравае пытанне. На пасаду старшыні Гарадоцкага райвыканкама аднагалосна была зацверджана дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 43-гадовая Ірына Палякова. Многія жыхары Гарадка лічаць, што яе пераход з дэпутацтва ў старшыні, ёсць «праява эгаізму» і «здрада» інтарэсаў дзясяткаў тысяч выбаршчыкаў, дзеля асабістай кар'еры.

Вынікі працы Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў за 2022 год былі разгледжаныя 17 студзеня на паседжанні прэзідыума Рады гэтага аб'яднання, якім кіруе чалец Рады Рэспублікі Юры Дзяркач. У мерапрыемстве, якое прайшло ў аблвыканкаме, прынялі ўдзел абласная і гарадская ўлада, старшыні раённых, галіновых аб'яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый вобласці. Радавыя члены прафсаюзаў на сходзе адсутнічалі.