Па статыстыцы, Браслаўскі рэгіён штогод прымае каля 40 тысяч турыстаў, з іх – 5-7 тысяч - замежныя грамадзяне. Так пісалі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі яшчэ ў 2022 годзе.
Але, як піша цяпер браслаўская раёнка, агульная колькасць турыстаў, якія наведалі гасцініцы і аздараўленчыя арганізацыі Браслаўскага раёна за студзень-ліпень 2023 года, перавысіла 7,3 тысячы чалавек. З іх 1,7 тысячы, або 23%, - замежнікі. Такія лічбы на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў прывяла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка.
Годам раней, паводле яе слоў, на Браслаўшчыне па аналагічнай схеме адпачылі 6,6 тысячы турыстаў. Такім чынам, паводле чыноўніцы, прырост афіцыйнага турпотоку склаў 11%.
Але нават, калі ўявіць, што сёлета такі паток турыстаў захаваецца і ў наступным паўгоддзі, што наўрад ці, бо асноўны паток турыстаў летам, то ўсё адно турыстаў Браслаўскі раён сёлета налічыць максімум 14 тысяч. А гэта амаль у тры разы меней, чым у мінулыя гады.
У патоку такой рознай інфармацыі ад дзяржаўных СМІ цяжка і зарыентавацца чытачу, якім лічбам давяраць. Але, відаць, што мясцовыя ўлады падаюць больш аб’ектыўную інфармацыю – 6-7 тысяч турыстаў за паўгода, гэта ўсё ж не 20 тысяч.
"У мэтах стварэння развітой турыстычнай індустрыі, здольнай якасна рэалізоўваць канкурэнтаздольны сэрвіс, на тэрыторыі раёна суб'ектамі сферы вядзецца пастаянная работа па будаўніцтве, рэканструкцыі, рамонце аб'ектаў, паляпшэнню іх матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэнню якасці паслуг", - адзначыла Вераніка Вялічка.
Па яе словах, сёлета нацыянальны парк скончыў будаўніцтва новага катэджа VIP-класа на базе адпачынку “Ляошкі”. Праведзены работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў раёне гары Маяк, дзе ўстаноўлены гандлёвыя рады, новыя прыбіральні, зроблена рэканструкцыя драўляных усходаў, узведзена новая аглядная мінівышка з відамі на возера Снуды.
Установай таксама ўведзены ў эксплуатацыю дзве новыя турыстычныя стаянкі заказнога тыпу - "Аазіс" і "Чайчын", размешчаныя на астравах азёр Саванар і Струста адпаведна.
УП "Браслаўскія азёры" ўвяло ў эксплуатацыю двухпавярховы катэдж з пакоем адпачынку і лазнева-аздараўленчым комплексам. Пачата работа па праектаванні на тэрыторыі прадпрыемства сучаснага пляжа.
Сёння, паводле інфармацыі мясцовай раёнкі, турыстычную інфраструктуру Браслаўскага раёна складаюць 13 калектыўных сродкаў размяшчэння, 88 турыстычных стаянак, 5 дзеючых суб'ектаў аграэкатурызму!, 24 агульнадаступныя аб'екты грамадскага харчавання, 6 комплексных аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, 2 музеі, 54 гісторыка-культурныя каштоўнасці, турыстка-інфармацыйны цэнтр, распрацавана 59 маршрутаў, экскурсіі і тураў, якія праводзяць усяго толькі 4 атэставаныя экскурсаводы.
Трэба зазначыць, што сайт Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый у 2022 годзе (то бок годам раней) пісаў, што да паслуг гасцей на Браслаўшчыне было абсталявана 10 турыстычных стаянак агульнага тыпу і 67 - заказных. Для аматараў адасобленага адпачынку працавалі 250 аграсядзіб!
Аналізуючы і супастаўляючы гэтыя лічбы, выходзіць, што з 250 аграсядзібаў на Браслаўшчыне цягам года засталося толькі 5. То бок іх стала ў 50 разоў менш!
Гэта значны паказчык пры аналізе турпатоку на Браслаўшчыне. І чым тут можна хваліцца?
Зінаіда Астапенка