«Два ДБ». Паўтара года абмежавання волі – за каментар у «Аднакласніках» на адрас міліцыянтаў
58-гадовы інжынер з Віцебску Васіль Глушакоў быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 КК). За кароткі каментар на адрас двух супрацоўнікаў Дубровенскага РАУС у суполцы «Вусаты Таракан» мужчыну прысудзілі да 1 году і 6 месяцам абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Прысуд агучыла 16 чэрвеня суддзя Алена Грабянчук.
58-гадовага інжынера судзяць за каментар у групе «Таракан вусаты». Пракурор просіць 3 гады «хіміі»
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 15 чэрвеня за адзін дзень разабраў справу 58-гадовага віцябляніна Васіля Глушакова, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК) – двух міліцыянтаў Дубровенскага РАУС. Абвінавачаны прызнаў віну і адмовіўся ад адваката. Пракурор просіць пакараць мужчыну трыма гадамі абмежавання волі. Прысуд агучаць 16 чэрвеня.