Субота, 04 Ліпень 2026

У Віцебску дэфіцыт дворнікаў зноўку спрабуюць кампенсаваць бясплатнай працай былых зняволеных

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прымусовыя ўборкі вуліц і двароў у Першамайскім РАУС  называюць “супольнай работай крымінальна-выканаўчай інспекцыі і камунальных служб па прыцягненні грамадзян, якія стаяць на ўліку ў КВІ, да грамадска карыснай працы. Маўляў, пасля такіх мерапрыемстваў “у многих появляется мотивация: человек привыкает к работе, учится взаимодействовать в коллективе, и это становится хорошей основой для дальнейшего трудоустройства”. Праўда, статыстыкі, якая пацвярджала б гэтыя гучныя заявы, міліцэйскае начальства ніколі не агучвае.


«Общественно полезный труд - это не просто уборка территории. Для наших подучётных это возможность почувствовать свою нужность, вернуться к дисциплине и ответственности, а в перспективе - выйти на постоянное место работы”, - заяўляе начальнік КВІ Першамайскага РАУС Яўген Якушэвіч. Пакуль няма лічбаў, якія падмацоўвалі б такія заявы, яны гучаць галаслоўна.

Для жыхароў Віцебска карціна зразумелая і без гучных слоў: у горадзе катастрафічна бракуе дворнікаў і прыборшчыкаў тэрыторый на прадпрыемствах і ў арганізацыях. І каб неяк кампенсаваць кадравы дэфіцыт, да ўборкі прыцягваюць  тых, хто стаіць на ўліку ў міліцыі, а ў большасці гэта асобы, якія нядаўна адбылі пакаранне. Прасцей кажучы, гэта людзі, якія наўпрост залежаць ад рашэнняў КВІ, не выканаць якія – сабе даражэй.
  

Падобная практыка “перавыхавання працай” пануе ў вобласці  ўжо некалькі год,  дармовую працу  тых, хто стаіць на ўліку ў КВІ, выкарыстоўваюць не толькі ў Віцебску , але і ў райцэнтрах і малых гарадах. У Наваполацку, да прыкладу, 118 такіх асобаў прыцягвалі  да “добраахвотных грамадскіх прац” ажно 64 разы на працягу першых 4-х месяцаў гэтага года. Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што людзей выводзяць на вуліцы з мяцёлкамі і граблямі цалкам не падрыхтаванымі – без спецвопраткі, без медычнага асведчання і без інструктажа па тэхніцы бяспекі.

Прымусовая праца забаронена на заканадаўчым узроўні: у ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Аналагічная забарона ўтрымліваецца ў арт. 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю яшчэ ў 1973 годзе, вызначае, што «ніхто не павінен прымушацца да прымусовай або абавязковай працы», а Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацоўвае права кожнага чалавека «на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца».

Ці можна абараніць сябе ад прыцягнення да такога кшталту дзейнасці? Можна накіраваць зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці распараджэння органа, які яго выдаў. Аднак тыя, хто стаіць на ўліку ў КВІ, асабліва калі мае крымінальнае мінулае, імкнуцца трымацца ад любых "органаў" падалей. Гэтым і карыстаецца міліцыя, разумеючы безабароннасць сваіх "падуліковых" грамадзянаў, калі выганяе іх на "прафілактычныя мерапрыемствы". 

Святлана Гудкова