Серада, 13 Май 2026

64 разы за 120 дзён! Амаль праз дзень міліцыя ў Наваполацку прыцягвае да прымусовай працы асобаў, якія стаяць на прафілактычным уліку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ужо некалькі год практыкуецца выкарыстанне ў якасці бясплатных дворнікаў тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. 118 такіх асобаў прыцягвалі ў Наваполацку да “добраахвотных грамадскіх прац” ажно 64 разы на працягу першых 4-х месяцаў гэтага года. Міліцыя сцвярджае, што прыбіранне смецця пад пагрозай адміністрацыйнага пакарання “станоўча ўплывае на працэс выпраўлення і выхавання”, “матывуе да афіцыйнага працаўладкавання і вяртання да здаровага ладу жыцця”.

Праўда, статыстыкі, якая падмацавала б гэтыя словы, няма. ры гэтым, як правіла, падобныя  мерапрыемствы адбываюцца без уліку згоды работнікаў, у прымусовым парадку і без належнага юрыдычнага афармлення такой працы. І ў  выпадку няшчаснага выпадку падчас "добраахвотнага" працы адсутнасць афіцыйна аформленых дакументаў   будзе з'яўляцца падставай да адмовы ў страхавых выплатах у сувязі з няшчасным выпадкам.

Прымусовая праца забаронена на заканадаўчым узроўні: у ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Аналагічная забарона ўтрымліваецца ў арт. 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю яшчэ ў 1973 годзе, вызначае, што «ніхто не павінен прымушацца да прымусовай або абавязковай працы», а Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацоўвае права кожнага чалавека «на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца».

Ці можна абараніць сябе ад прыцягнення да такога кшталту дзейнасці? Можна накіраваць зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці распараджэння органа, які яго выдаў. Аднак тыя, хто стаіць на ўліку ў КВІ, асабліва калі мае крымінальнае мінулае, імкнуцца трымацца ад любых "арганаў" падалей. Гэтым і карыстаецца міліцыя, разумеючы безабароннасць сваіх "падуліковых" грамадзянаў, калі выганяе іх на "прафілактычныя мерапрыемствы". 

Святлана Гудкова