Аўторак, 07 Ліпень 2026

У Пастаўскім раёне таксама няправільна палічылі “дармаедаў”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Памылкі ў спісах “грамадзян, якія не задзейнічаны ў эканоміцы”, накіравалі выпраўляць мясцовых міліцыянтаў. Супрацоўнікі Пастаўскага РАУС праводзілі адмысловыя рэйды па месцы жыхарства 1 590 чалавек, і ў выніку спіс “дармаедаў” скараціўся да 1109 асобаў. Гэта значыць, прэтэнзіі ўладаў да больш як 450 чалавек былі беспадстаўнымі.

Адначасова высветлілася, што вялікая частка людзей паехала шукаць працу ў іншыя краіны: 195 грамадзян змянілі месца жыхарства на замежнае,  больш за 200 чалавек паехалі працаваць за мяжу, прычым большасць – у Еўропу.  96 чалавек аказаліся ў “дармаедскім” спісе выпадкова, бо яны маюць працу, а яшчэ 25 тых, каго лічылі “дармаедамі” – гэта пенсіянеры або тыя, хто мае інваліднасць або цяжкія захворванні.

Супрацоўнікі міліцыі не толькі праводзілі “пераўлік”, але і выдавалі накіраванні ў раённую камісію па працаўладкаванні.

Як мы пісалі раней, недакладныя спісы  “грамадзян, якія не задзейнічаны ў эканоміцы” былі і ў Бешанковіцкім раёне: там таксама сапраўды беспрацоўных аказалася значна менш, чым на паперы.

Нагадаем, "закон аб дармаедстве» ў Беларусі (Дэкрэт № 1) класіфікуе грамадзян як «не занятых у эканоміцы». Праваабарончыя арганізацыі, уключаючы ААН, разглядаюць гэты статус як парушэнне правоў чалавека праз прымусовы характар працы і абмежаванне доступу грамадзян да базавых сацыяльных паслуг.  Фактычна грамадзян ставяць перад выбарам: працаваць там, дзе прапануе дзяржава, альбо падпасць пад  эканамічныя санкцыі з яе боку.

Алег Яноўскі