Чацвер, 08 Май 2025

Яшчэ пяць жыхароў Віцебшчыны - у “экстрэмісцкім” пераліку МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абноўлены 8 мая пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, уключаны жыхар Наваполацка, абвінавачаны ў закліках да санкцый і дзеянняў на шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. І яшчэ чацвёра глыбачан, асуджаных за пратэсты 2020 года.

На сайце МУС пазначана, што 30-гадовы Вячаслаў  Дземянчонак - жыхар Наваполацка, і што ён “адбывае пакаранне”  паводле ч. 3 арт. 361 КК РБ ( Заклікі да санкцый або іншых захадаў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).   У ч.3  удакладняецца, што заклікі маглі рабіцца "з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глаальнай кампутарнай сеткі або пасадовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў".  

Паводле сацсетак, Вячаслаў Дзямчонак працаваў інжынерам-праграмістам ў розных установах Полацка і Наваполацка  Праўда, у якасці месца жыхарства  ў розных сацсетках ён пазначае гарады "Гродна" або "Варшава" (у спісе асуджаных завочна або ў паведамленнях СК пра спецыяльную вытворчасць такое імя не сустракаецца). Апошняя актыўнасць Вячаслава ў сацсетках зафіксавана ў лютым 2024 г.

Усяго ў абноўленым  пераліку "экстрэмістаў"  5 ураджэнцаў Віцебшчыны, 4  з іх - з Глыбокага. Гэта  Алена Шарабайка, Таццяна Арэхва, Сяргей Барашкаў і Яўгена Барашкаў  (сына Сяргея Барашкава, які жыў у Мінску).

На сайце МУС пазначана, што ва ўсіх чатырох "судзімасць не пагашана", - найверагодней,  яны асуджаныя да "хатняй хіміі".

Крымінальныя справы  супраць жыхароў Глыбокага распачалі пасля  "хапуну", які сілавікі наладзілі ў райцэнтры ў верасні-кастрычніку мінулага года. Тады на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 5 відэаролікаў з “пакаяльнымі” відэа глыбачан, якія прызнаваліся, ва ўдзеле ў пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Затрымана было каля 20 чалавек. Частку з іх асудзілі  па адміністрацыйных артыкулах, а частку перавезлі ў віцебскі СІЗА, прад'явіўшы ім крымінальныя абвінавачанні. Цяпер вядома прынамсі пра 15 асуджаных па гэтай справе.