Чацвер, 22 Май 2025

Дзіўная “адміністратыўка” па 24.23 КаАП

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывіст Дзмітрый Карняенка, які ўжо некалькі год жыве ў вымушанай эміграцыі, даведаўся пра тое, што ў Віцебску супраць яго скасавалі адміністрацыйную справу. Такое паведамленне даслалі Дзмітрыю з РАУС Чыгуначнага раёна. Прычыны скасавання - адсутнасць складу правапарушэння. Што гэта была за справа - застаецца толькі здагадвацца. 

Фотаздымак дакумента, дасланага з міліцыі, актывіст размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Ен адзначае, што пра пачатак адміністрацыйнай справы яму не паведамлялі. Таму ён не дужа разумее, што адбываецца. Фізічна парушыць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Віцебску мужчына аніяк не мог, бо ўжо даўно адтуль з’ехаў. Калі ж вядзецца пра “пікетаванне ў сацсетках”, то міліцыянты распачыналі б  “адміністратыўку” па канкрэтным факце, і тады не было б гаворкі пра адсутнасць складу правапарушэння...

Адна з версій  Дзмітрыя Карняенкі - што яго спрабуюць самым наіўным чынам “завабіць” у Віцебск, бо ў дакуменце пазначана: "с делом Вы можете ознакомиться в Железнодорожном РОВД”. Гэтую спробу інакш як наіўнай назваць цяжка, бо ў Беларусі на актывіста заведзена крымінальная справа, ен прызнаны ўдзельнікам двух “экстрэмісцкіх фармаванняў”, і ехаць на Радзіму, каб трапіць у турму, ен не збіраецца.

Яшчэ адна верагоднасць - што адміністрацыйную справу ў Чыгуначным РАУС на Дзмітрыя Карняенку завялі па чыёйсці скарзе. Прасцей кажучы, нехта вырашыў яго беспадстаўна “закласці”, і матывам можа быць нават банальная помста.

 Справа ў тым, што не так даўно Дзмітрый Карняенка звярнуўся  ў міліцыю з заявамі пра тое, што супрацоўнікі МУС вельмі выбарачна прымяняюць ч.2 арт.19.11 КаАП. Пад суд з наступнымі пакараннямі трапляюць шэраговыя беларусы, тады як у сацсетках  “недатыкальных асобаў”  таксама сустракаюцца спасылкі на так званыя “экстрэмісцкія інфармацыйныя рэсурсы”. У ліку такіх асобаў -  жонка старшыні аблвыканкама, кіраўніца праўладнага пісьменніцкага саюзу, дырэктарка абласнога краязнаўчага музея...

У адказе на зварот гаварылася, што па фактах, згаданых Дзмітрыем, будзе праведзена праверка. І некаторыя асобы насамрэч былі пакараныя. Магчыма, нехта з “пакрыўджаных” вырашыў  расквітацца за актывістам падобным чынам.

Да слова, не падобна, каб  “недатыкальных” асобаў, названых Дзмітрыем Карняенкам,  сапраўды пакаралі “за распаўсюд экстрэмізму”. Бо, напрыклад, на старонцы ў Фэйсбуку дырэктаркі Віцебскага краязнаўчага музея Таццяны Старынскай і дагэтуль ва ўпадабаных  можна ўбачыць згадкі “экстрэмісцкіх фармаванняў”  “Радыё Свабода” і “Зеркало. Новости”. 

Петр Канстанцінаў