Зінаіда Балаболава адпрацавала ў судзе Наваполацка больш за 15 гадоў - з 2008 году. Цяпер жанчыне 58 гадоў, і яна , найверагодней, пойдзе на пенсію.
Её давяралі разглядаць выключна адміністрацыйныя справы - палітычных “крыміналак” на рахунку Балаболавай няма. Але колькі "сутак" і штрафаў яна прысудзіла актывістам і незалежным журналістам, нават цяжка палічыць. Колькасць "сутак" сягае за некалькі соцень, бо лічба, меншая за 15 , у рашэннях Балаболавай практычна ніколі не гучала.
Па інфармацыі “Нашай Нівы”, муж Зінаіды Балаболавай меў судзімасць па крымінальнай справе за махінацыі з дакументамі. А яе дачка таксама працуе ў рэпрэсіўнай сістэме: у якасці памочніка пракурора Вольга Балаболава падтрымала абвінавачанне супраць жыхара Віцебска, асуджанага на паўтара гады “хіміі” за “абразу прадстаўніка ўлады”.
Зінаіду Балаболаву ўключылі ў санкцыйныя спісы Еўразвязу і Канады.
У адстаўку суддзя адпраўлена згодна з Указам Аляксандра Лукашэнкі №142 ад 7 красавіка 2025 г.
Разам з Зінаідай Балаболавай паводле таго самага Указа ў адстаўку пайшлі
- суддзя суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая. Яна таксама выносіла палітычна матываваныя прысуды.
-суддзя Віцебскага абласнога суда Людміла Ларына.
Больш не працягне судовую кар’еру і Алеся Жарыкава - суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. Яна “вызвалена з пасады ў сувязі са сканчэннем паўнамоцтваў”. Гэтая суддзя была задзейнічана ў судовых працэсах супраць удзельнікаў “Маршу недармаедаў” у 2017г. У прыватнасці, гэта яна асудзіла да штрафу памерам 50 базавых велічынь віцебскую грамадскую актывістку Таццяну Севярынец.
І яшчэ - некалькі прызначэнняў.
У суд горада Наваполацка прызначана на працу новая суддзя Аляксандра Агапава. Гэтае імя яшчэ не сустракалася ў сувязі з палітычна матываванымі прысудамі на Віцебшчыне.
Намеснікам суда Чыгуначнага раёна Віцебска прызначаны Андрэй Дзергачоў, які раней працаваў шэраговым суддзем у судзе Полацкага раёна і г.Полацка. Ён таксама вядомы шматлікімі палітычна матываванымі прысудамі - ад “адміністратывак” за “распаўсюд экстрэмізму” да судоў за абразу Аляксандра Лукашэнкі і нават за “тэрарызм”. Актам тэрарызму следства палічыла раскіданыя на дарозе не менш за 12 самаробных «вожыкаў» і металічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у 2021 годзе. Абвінавачанаму Руслану Слуцкаму суддзя Андрэй Дзергачоў прысудзіў 11 гадоў калоніі.
Ігар Баравы