Сёлета ад Віцебскай вобласці ў Савет Рэспублікі з пачатку года паступіла 565 зваротаў. Іх колькасць у параўнанні з мінулым годам вырасла: у Савет Рэспублікі - на 4%, выканкамы - амаль на 10%, а ў аблвыканкам - на 21%. Найбольшая колькасць з іх датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі", - распавёў Максім Шэка.
Ён таксама адзначыў, што за апошнія два гады на Віцебшчыне на 30 працэнтаў вырасла колькасць калектыўных зваротаў у Савет Рэспублікі. Акрамя таго, амаль кожны пяты з агульнай колькасці зваротаў - паўторны. Гэта сведчыць аб тым, што праблемы не вырашаюцца нават пасля таго, як заявы «спускаюць уніз» для варышэння на ўзроўні мясцовых выканкамаў.
Прысутная на пашыраным пасяджэнні Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава катэгарычна заўважыла, што такога ў рабоце з грамадзянамі быць не павінна. І нават пра тое, што «у гэтым пытанні трэба працаваць на апярэджанне». Хаця на Віцебшчыне прадстаўнікі ўладаў узялі на ўзбраенне абсалютна супроцьлеглую тактыку: маўляў, «сігналы знізу» - гэта планы нашай дзейнасці на будучыню. «Звароты грамадзян служаць для нас зыходным пунктам у фарміраванні планаў па развіццю сацыяльнай сферы, правядзенню работ у сферы ЖКГ, дарожнага забеспячэння, транспартнага абслугоўвання. Любая сфера дзейнасці падсілкоўваецца той інфармацыяй, якую мы атрымліваем ад насельніцтва», - выказаў сваю пазіцыю старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.
Да слова, Наталля Качанава прапанавала новы падыход да працы са скаргамі грамадзянаў. І ён – не ў найхутчэйшым вырашэнні праблем: «Калі ўзнятае пытанне не можа быць вырашана, то неабходна сустрэцца з заяўнікамі, расказаць, якія ёсць прычыны, чаму не вырашаецца справа, з якой яны прыйшлі да ўладаў, або патлумачыць, калі іх праблема можа быць ліквідавана». Па сутнасці, гэта «супакаяльныя гутаркі», каб стварыць ілюзію, што над вырашэннем праблемы нібыта працуюць, але насамрэч далей размоваў справа можа і не пайсці.
Алег Рагальскі