Праваабаронца законна палічыў, што гэта яўнае парушэньне парадку работы суду, якое павінна быць вырашанае ў найкарацейшы тэрмін, прычым адзін з сужэнцаў мусіць неадкладна выйсьці з падпарадкаваньня іншага. Напрыклад, сысьці ў чарговы або вымушаны адпачынак.
Згодна з артыкулам 7 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», усе судзьдзі агульных судоў зьяўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі, і на іх распаўсюджваюцца ўсе палажэньні гэтага закону.
У законе аб дзяржслужбе згадваецца, што дзяржаўная служба павінна быць спыненая ў выпадку, калі дзяржслужбоўцы аказваюцца ў стане блiзкай роднасьці або сваяцтва, а іх службовая дзейнасьць зьвязаная зь непасрэднай падпарадкаванасьцю або падкантрольнасьцю аднаго зь іх другому.
У нашым выпадку судзьдзя Протас непасрэдна падпарадкаваная старшыню суду Бурунову. Таму, згодна з артыкулам 40 закону аб дзяржслужбе, дзяржаўная служба аднаго з судзьдзяў-сужэнцаў павінна быць неадкладна спыненая, калі няма немагчымасьці пераводу каго-небудзь зь іх у іншы суд або яны адмаўляюцца ад такога пераводу.
Для спыненьня парушэньня закону аб дзяржслужбе ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску праваабаронца Левінаў зьвярнуўся ў Віцебскі абласны суд з патрабаваньнем ліквідаваць усе абставіны, якія спрыяюць парушэньню дзеючага заканадаўства.
Старшыня Віцебскага абласнога суду Мікалай Хамічонак пасьпяшаўся паведаміць праваабаронцу, што ўсе неабходныя дзеяньні суд распачаў – дакумэнты пра перапрызначэньне судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Протас А.С. у іншы раённы суд вобласьці аформленыя і накіраваныя ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Гэта было зроблена непасрэдна пасьля рэгістрацыі шлюбу Протас А.С. са старшынём суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебска Буруновым Я.І.
Намесьнік Старшыні Вярхоўнага Суду Валер Калінковіч пацьвердзіў, што, так, дакумэнты зь Віцебску атрыманыя і накіраваныя ў адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь для прызначэньня Алены Протас ў іншы суд з вызваленьнем яе ад пасады судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну Віцебску.
Няма сумневу, што кіраўнік дзяржавы перапрызначыць судзьдзю Алену Протас ў іншы суд. Але паўстае пытаньне. Ці зьяўляюцца законнымі пастановы, якія вынесла судзьдзя Алена Протас ў той пэрыяд часу, калі яна была непасрэдна падпарадкаваная свайму мужу – старшыню суду Яўгену Бурунову?