Найперш варта разабрацца, што адбылося. А адбылося наступнае: падчас маніторынгу Тэлеграм-каналаў, абешчаных «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», сілавікі звярнулі ўвагу на аднаго з інтэрнэт-карыстальнікаў. Сілавікі заўважылі, што адзін з іх дэманструе сваю дасведчанасць, што тычыцца зброі і выбуховых рэчываў. Неўзабаве яго асоба была ідэнтыфікавана: гэтым чалавекам аказаўся 27-гадовы жыхар Баранавічаў, які насамрэч незаконна заховўваў дома зброю. Мужчына, як ён сам прызнаўся, займаўся «чорным капальніцтвам», гэта значыць, праводзіў несанкцыянаваныя раскопкі на месцы колішніх баявых дзеянняў і даставаў з зямлі зброю. Паводле ягоных сведчанняў, для ўласнай клекцыі.
Таксама паведамляецца, што мужчына - «нарказалежны», і што ён некалькі год спажывае сінтэтычны наркотык мефедрон. Звестак пра тое, ці знайшлі ў яго наркатычнае рэчыва, ці з'яўляецца ен распаўсюднікам ці толькі спажыўцом, у інфармацыі ад МУС няма.
Але чаму затрыманага называюць яшчэ і «экстрэмістам»? Гэтае азначэнне, абапіраючыся на звесткі афіцыйнага тэлеграм-канала МУС, апублікавалі многія дзяржаўныя інфарэсурсы Віцебшчыны, апрача Лепельскай «раёнкі». Варта разумець, што экстрэміст – гэта той, хто дэманструе радыкальныя погляды або прапагандуе радыкальныя дзеянні. Пра погляды, тым больш пра дзеянні дадзенай асобы не паведамляецца нічога – падкрэсліваецца толькі тое, што мужчына «быў удзельнікам дэструктыўных Тэлеграм-каналаў».
Абагульненне «дэструктыўныя Тэлеграм-каналы» не мае ніякага практычнага сэнсу. Гэта проста заведама негатыўная характарыстыка неназваных інтэрнэт-рэсурсаў - шаблонны выраз, за якім нічога не стаіць. Міністэрства інфармацыі складае спіс «экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў», МУС – спісы «экстрэмісцкіх фармаванняў», у якіх таксама могуць згадвацца Тэлеграм-каналы. «Дэструктыўных Тэлеграм-каналаў» як асобнай зафіксаванай групы не існуе, гэта не больш чым прыватнае меркаванне, выказанае адносна зместу. Таму называць чалавека «экстрэмістам» толькі за ўдзел у Тэлеграм-каналах проста няма падставаў.
Да слова, Міністэрства ўнутраных спраў складае асобны спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», але яны трапляюць туды толькі пасля таго, як суд прызнаў іх вінаватымі па асобных крымінальных артыкулах за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці.
Такім чынам, што мы назіраем у дадзеным канкрэтным выпадку? Вылічыўшы асобу з нарказалежнасцю і незаконным заняткам «чорным капальніцтвам», служба інфармацыі МУС знарок прывязвае сюды «экстрэмізм». У Беларусі гэты панятак асацыюецца найперш з апазіцыяй да дзейных уладаў. Для спажыўцоў інфармацыі «лепіцца» вобраз «апазіцыянера», выключна негатыўны за кошт паддатнасці пэўным заганам. Хаця аб'ектыўную ацэнку дзейнасці гэтага чалавека суду яшчэ належыць даць у будучыні, і зусім не факт, што яго будуць судзіць за нейкі «экстрэмізм».
Марыя Пятрова