Тэлеграм-канал віцебскай міліцыі распавядае, як гэта адбываецца на практыцы: зламыснікі абіраюць ахвяру, у якой на рахунку можа быць значная сума грошай, і збіраюць звесткі пра жыццё чалавека. Найпрасцей «патрапіцца» ім на вочы за тыя ж «экстрэмісцкія» спасылкі або ўа нейкія выказванні ў інтэрнэце, якія могуць быць расцэнены як занадта смелыя. Калі патэнцыйная ахвяра знойдзена, за ёй сочаць. У прыватнасці, выведваюць месца працы чалавека і яго непасрэднага кіраўніка. Далей – справа тэхнікі: махляры ствараюць фэйкавы акаўнт «дырэктара» ці «загадчыка», і ад ягонага імя праз перапіску ў мэсэнджарах запалохваюць ахвяру там, што стала вядома пра ягоную «дэструктыўную дзейнасць». Прыкладам, пра данаты экстрэмісцкім фарміраванням. Пры гэтым кажуць, што ёсць магчымасць пазбегнуць крымінальнай справы, паразмаўляўшы з «аператыўнікам», «супрацоўнікам КДБ», «следчым» або «прадстаўніком міліцыі» пра неабходнасць перавесці на канкрэтны рахунак буйную суму грошай у якасці «кампенсацыі нанесенага ўрону».
Што цікава: былі выпадкі, калі нават тыя, хто ніколі не «данаціў экстрэмістам», верылі ў тое, што іх могуць у гэтым звінаваціць. І перадавалі грошы чалавеку, з якім раіў звязацца іх «кіраўнік па працы». Віцебскія міліцыянты прыводзяць канкрэтныя прыклады: сёлета ў студзені лекарка адной з раённых бальніц перавяла махлярам 55 тысяч рублёў паводле ўказання свайго «непасрэднага начальніка» з фэйкавым акаўнтам.
Тэлеграм-канал «Северная столица», блізкі да віцебскіх сілавікоў, рэгулярна публікуе відэаролікі пра тое, што некаторыя мясцовыя жыхары добраахвотна прызнаюцца ў тым, што пераводзілі грошы арганізацыям, пазней прызнаным «экстрэмісцкімі». І што ў выпадку, калі пералічыць буйную суму грошай, напрыклад, дзіцячаму дому, гэтую віну даруюць. На фоне такой інфармацыі версія пра неабходнасць пералічыць грошы на нейкі рахунак, каб пазбегнуць турэмнага тэрміну, выглядае цалкам жыццяздольнай. А людзі, якіх той самы тэлеграм-канал запалохвае пагрозамі «дойдзем да кожнага», назіраючы вал адміністацыйных і крымінальных справаў пасля падзей 2020г., насамрэч ужо не вераць у сілу праўды і закона. Таму лічаць за лепшае «адкупіцца» проста на ўсялякі выпадак.
Праваабаронцы раяць правяраць падобную інфармацыю, і калі ёсць сумневы ў сапраўднасці «падазрэнняў», неадкладна праверыць, ці насамрэч з вамі на сувязі ваша «кіраўніцтва», і ці існуе такі «супрацоўнік КДБ» ці іншых структур, які раіць пераводзіць сродкі на нейкія рахункі.
Мікалай Мазураў
Субота, 24 Люты 2024
Асцярожна, жыхароў Віцебшчыны падманваюць «супрацоўнікі КДБ». Новая схема, каб выманіць грошы
Палітычную сітуацыю ў краіне, калі за «не тыя» падпіскі ў сацыяльных сетках можна трапіць на 15 сутак, і дзе кожны чалавек адчувае сябе «патэнцыйна вінаватым» за мінімальныя праявы вальнадумства, пачалі выкарыстоўваць махляры. Ва ўмовах, калі людзі адчуваюць сябе безабароннымі перад сілавікамі, менавіта ў іх пераўвасабляюцца аматары лёгкай нажывы. Схема працуе добра: ахвярамі махляроў становяцца тыя, хто гатовы безаглядна падпарадкоўвацца і баіцца пакарання нават у тым выпадку, калі нічога кепскага не зрабіў.
Апублікавана ў
Дзяржава
Тэгі: