Пятніца, 24 Лістапад 2023

“Нашая партыя выказвае інтарэсы беларускага народа, як адзінага цэлага”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сцвярджае галоўны ідэолаг гарадскога пасёлка Шаркаўшчына і па сумяшчальніцтву старшыня так званага Савета раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Людміла Стома.

Сваё меркаванне яна выказала на ўжо другой канферэнцыі раённага аддзялення  партыі "Белая Русь", якая адбылася ў шаркаўшчынскай сярэдняй школе №1  пару дзён таму.

Як піша раённая газета “Кліч Радзімы”, вышэйзгаданае мерапрыемства пачалося з выканання прысутнымі гімна Беларусі. Пасля гэтага быў агучаны парадак дня. Сярод асноўных пытанняў - пра работу раённага аддзялення партыі "Белая Русь"; пра абранне дэлегатаў раённага аддзялення партыі на абласную канферэнцыю, пра абранне дэлегатаў на II З'езд Беларускай партыі "Белая Русь"; пра ўдзеле ў выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года.

- З моманту арганізацыі раённага аддзялення прайшло 6 месяцаў. За гэты час быў вырашаны шэраг статутных і юрыдычных пытанняў. Нашая партыя выказвае інтарэсы беларускага народа, як адзінага цэлага. Мы падзяляем ідэалогію беларускай дзяржаўнасці. Галоўнае, што нас усіх аб'ядноўвае - гэта жаданне жыць у моцнай, квітнеючай, усімі намі любімай Беларусі, - сказала Людміла Стома.

Трэба заўважыць, што шаркаўшчынскі ідэолаг занадта перабольшвае ўплыў сваёй партыі. Гэтая пралукашэнкаўская партыя адназначна не выказвае інтарэсы беларускага народа як адзінага цэлага.

Таксама разглядаўся і парадак выплаты членскіх унёскаў. Пра гэта расказала кіраўнік раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Дзіяна Чапулёнак.

Паводле шаркаўшчынскіх чыноўнікаў, якія ў асноўным прысутнічалі на імпрэзе, наперадзе ў іх арганізацыі вялікія планы, у тым ліку  ўдзел у грамадска-палітычных падзеях, умацаванні шэрагаў структуры і гэтак далей.

А галоўны ідэолаг пасёлка і кіраўнічка шаркаўшчынскага аддзялення “Белай Русі” Людміла Стома акцэнтавала ўвагу на тым, што перад членамі партыі стаіць галоўная задача - кансалідаваць беларускае грамадства. Таксама яна

адзначыла, што моладзі раёна, актыўнай, ініцыятыўнай і мэтанакіраванай, трэба больш актыўна далучацца да партыйнага жыцця.

А як улады Беларусі ўмеюць кансалідаваць грамадства, ужо ўсім вядома. Таму наўрад ці гэта атрымаецца і ў праўладнай партыі “Белая Русь”. Бо дручкамі, здзекамі, пераследам і гвалтам ніякае грамадства не кансалідуецца, а толькі заганяецца ў абмежаваныя рамкі.

Ягор Хрол