Як піша сайт “Родныя вытокі”, пад кіраўніцтвам намесніцы старшыні райвыканкама Марыны Клімовіч адбылося чарговае пасяджэнне раённага Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Докшыцкім райвыканкаме. Удзел у мерапрыемстве прыняла першы намеснік дырэктара Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу Алеся Аксёнава, якая пазнаёміла прысутных з дзейнасцю прадпрыемства.
- Цэнтр маркетынгу працуе на рынку кансалтынгавых паслуг Віцебскай вобласці з 2007 года. У 2008 годзе яму быў прысвоены статус базавага цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Мы ўзаемадзейнічаем з мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі і стараемся рэалізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку і развіццё малога прадпрымальніцтва,- паведаміла Алеся Аксёнава.
Яна дадала, што спецыялісты цэнтра маркетынгу кансультуюць па разнастайных пытаннях стварэння і кіравання арганізацыяй, аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы бізнес-планаў пад прыцягненне інвестыцый з боку банкаўскіх структур, замежных фундатараў, садзейнічаюць у атрыманні крэдытаў і падбору кадраў. Штогод выдаюць метадычныя дапаможнікі, арыентаваныя на павышэнне ўзроўню пісьменнасці суб'ектаў малога бізнесу і прадпрымальнікаў, якія толькі пачынаюць сваю дзейнасць.
Тры гады таму, паводле Аксёнавай, цэнтр маркетынгу стварыў анлайн-пляцоўка "Бізнес дыялог" з фарматам правядзення рэгулярных мерапрыемстваў па канкрэтных практычных пытаннях вядзення бізнесу. Дыскусійная пляцоўка, на яе думку, дае магчымасць агучваць вострыя праблемы і тут жа шукаць шляхі іх вырашэння.
Але гэтая пляцоўка, мяркуючы па актыўнасці карыстальнікаў і праглядах, асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. Ды і прадпрымальнікаў не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ва ўсёй Беларусі пасля апошніх новаўвядзенняў уладаў стала менш. Да таго ж многія з іх скардзяцца на ўсё горшыя ўмовы працы. Нядрэнна працуецца толькі тым, хто гэтым займаецца ў партнёрстве з прадстаўнікамі ўлады, якім быццам нельга быць сузаснавальнікамі прыватных прадпрыемстваў і фірмаў, але фактычна яны такімі з’яўляюцца, “вешаючы” такія пасады на так званых “сваіх людзей”. Але і такія часам трапляюць у няміласць да ўладаў, праўда, гучныя карупцыйныя справы сканчаюцца невялікімі тэрмінамі або датэрміновым вызваленнем асуджаных на вялікія тэрміны. А пасля гэтым людзям даюць пасады меншага значэння ці накіроўваюць кіраваць калгасамі ці саўгасамі.
У ходзе сустрэчы з прадпрымальнікамі ў Докшыцах былі прааналізаваныя і прычыны, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў рэгіёнах, а таксама агучаны новыя прадпрыемствы, якія з'явіліся ў Докшыцкім раёне ў 2023 годзе. Сёлета ў Дркшыцах зарэгістравана сем новых прыватных прадпрыемстваў. Два з іх - ПУП "Салома-буд" і ТАА "РэгіёнБудДок" - займаюцца аказаннем будаўнічых паслуг. У першым выпадку прыватнік арандуе памяшканне, дзе ўжо наладжвае вытворчасць блокавых канструкцый для будаўніцтва экадомаў.
Што да прычын, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў Докшыцкім раёне, як і ў іншых раёнах Беларусі, гэта ўсім вядомая прычына – так званы прэзідэнт Беларусі - Лукашэнка. Калісьці ён упэўнена казаў: прыйдзе час, калі я пацісну руку апошняму прадпрымальніку.
Відаць, да гэтага і ідзе. І тады ўжо ніякія бізнес-платформы і кансалтынгавыя структуры не дапамогуць у барацьбе за выжыванне звычайным прадпрымальнікам, якім хоча паціснуць руку так званы кіраўнік краіны.
Кіра Курцова