Гаворачы пра будучую электаральную кампанію, Гігін вельмі своеасабліва акрэсліў сістэму кіраўніцтва ў Беларусі, называючы яе то «народаўладдзем», то «персаніфікаванай уладай».
«У дзяржаве працягваецца выбудоўванне ўнікальнай самабытнай сістэмы народаўладдзя. Яе галоўны прынцып - выбудоўваць унутраную сістэму так, як дыктуе жыццё. Беларусы арыентаваны на моцную, персаніфікаваную ўладу», -- цытуе Гігіна газета «Витьбичи» . Гэтаксама нетрадыцыйна спікер ахарактарызаваў сістэму партыйнага будаўніцтва ў Беларусі, фактычна падкрэсліўшы, што ў краіне засталіся выклічна праўладныя партыйныя структуры. «Раней у свеце партыі канкуравалі паміж сабой, адстойвалі свае мэты і задачы. Цяпер кожная партыя ствараецца для аб'яднання актыўных, палітычна моцных, «зараджаных», падрыхтаваных людзей, якія гатовы рэалізаваць свае ідэі на карысць грамадства. Фактычна на новым этапе грамадскага развіцця мы вучымся быць рознымі, паважаць адзін аднаго, але разумець, што ўсе мы - адзін народ», -- перадае словы Гігіна гарадская газета.
14 лістапада 1623 г. у Віцебску быў забіты грэка-каталіцкі біскуп Язафат Кунцэвіч. Гэтым летам падчас наведвання Віцебскага дзяржуніверсітэта Вадзім Гігін выступіў з ініцыятывай адзначыць 400-годдзе Віцебскага паўстання 1623 года. Гэтую тэму ён закрануў і цяпер, заявіўшы, што 400 год таму «жыхары Віцебску, выступаючы ў абарону праваслаўя, фактычна выступалі ў абарону беларускай народнасьці і мовы, якая ўжо тады падвяргалася ціску заходніх суседзяў». Дзейасць Язафата Кунцэвіча старшыня праўлення Беларускага таварыства "Веды" называе модным у ідэолагаў словам «этнацыд». Газета «Витьбичи» працытавала і гэтае ягонае выказванне: «У часы этнацыду жыхары паўночнага рэгіёну супраціўляліся і змагаліся за свае каштоўнасці, дзякуючы гэтаму мы і адбыліся як нацыя, выбудавалі незалежную суверэнную дзяржаву».
«Борьба за православие стала символом борьбы за белорусскую народность», -- транслюе пазіцыю Вадзіма Гігіна абласнай газета «Витебские вести». Падмацаваць гэтае выказванне агніякай канкрэтыкай немагчыма: праваслаўная царква не толькі не шануе беларускія традыцыі і не ладзіць службы на беларускай мове, але ўвогуле даўно ператварылася ў правадніка ідэй «рускага свету» у беларускай дзяржаве. У адрозненне ад той самай грэка-каталіцкай царквы, якую Гігін імкнецца прадставіць як празаходнюю сілу.
Не абышлося і без пагроз Захаду, калі Вадзім Гігін разважаў пра будучыя выбары. «Мы ствараем палітычную сістэму на гады наперад, каб захаваць устойлівасць нашай краіны ў любых сітуацыях і не дапусціць, каб выклікі ператварыліся ў рэальныя пагрозы. Тады мы захаваем мір. Самае галоўнае, што супернік, які хоча нанесці нам шкоду, будзе адчуваць нашу ўнутраную згуртаванасць і разумець, што сюды лепш не лезці», -- цытуе словы дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі віцебская абласная газета.
Віталь Шагін