Панядзелак, 13 Лістапад 2023

Дзяржкантроль Віцебшчыны заклікае грамадзян стаць грамадскімі інспектарамі і дакладваць ім пра правапарушэнні і злачынствы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З 15 снежня 2021 года ў Беларусі функцыянуе сістэма грамадскіх інспектараў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Мэта работы грамадскіх інспектараў - аказанне садзейнічання органам КДК у правядзенні аналітычных і кантрольных мерапрыемстваў, рэалізацыі іншых задач і функцый, ускладзеных на КДК. У прыватнасці, грамадскія інспектары абавязаныя неадкладна інфармаваць работнікаў органаў КДК аб рыхтаваных, учыненых  злачынствах або іншых правапарушэннях, якія сталі вядомымі ім.

Паводле ўладаў, у штат грамадскіх інспектараў Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці цяпер залічаны 11 так званых неабыякавых грамадзян, якія актыўна ўдзельнічаюць у маніторынгах, "гарачых тэлефонных лініях", працоўных сустрэчах па абмеркаванні праблемных пытанняў, аналізе паўнаты мер па ліквідацыі недахопаў, выяўленых па выніках праведзеных маніторынгаў, ацэнцы паўнаты прымаемых мер пры зваротах грамадзян ды іншым.

Як зазначаюць у Дзяржкантролі Віцебшчыны, грамадскія інспектары выконваюць свае функцыі на грамадскіх пачатках у вольны час.

Але для тых, хто актыўна садзейнічае органам КДК, паводле ўладаў, прадугледжана і прымяняецца практыка заахвочвання кіраўніком кантралюючага органа: грашовая ўзнагарода, аб'яўленне падзякі і ўзнагароджанне Ганаровай граматай КДК.

Праца па прыцягненні грамадзян да дзейнасці грамадскіх інспектараў вядзецца Камітэтам Віцебскай вобласці, а таксама праз грамадскія арганізацыі на сталай аснове.

Але ўлады звяртаюць увагу, што грамадскімі інспектарамі не могуць быць грамадзяне:

з судзімасцю; якія ўчынілі злачынства супраць інтарэсаў службы або з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў; недзеяздольныя; асобы, што прыцягваліся на працягу года да дня падачы заявы да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэння супраць парадку кіравання.

Існуюць і ўзроставыя абмежаванні: грамадскім інспектарам можа быць асоба, якая дасягнула 25-гадовага ўзросту, якая мае вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю і здольная па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях выконваць задачы і функцыі, ускладзеныя на органы Камітэта.

Андрэй Хромаў