Субота, 28 Кастрычнік 2023

У Браславе гаварылі пра карупцыю і хабарніцтва

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пад час мерапрыемства Пад час мерапрыемства

У Браслаўскай цэнтральнай раённай лякарні прайшоў так званы адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Перад прысутнымі медыкамі выступіў намеснік пракурора Браслаўскага раёна Сяргей Гарбус і расказаў прысутным пра забеспячэнне законнасці і правапарадку на Браслаўшчыне.

Ён адзначыў, што на працягу дзясяткаў гадоў браслаўскі край лічыцца спакойным, а людзі ў цэлым - законапаслухмянымі. Але асаблівую ўвагу Гарбус засяродзіў на карупцыйных злачынствах, зазначаючы, што большасць такіх правапарушэнняў у разрэзе рэспублікі і вобласці ўжо некалькі гадоў запар фіксуюцца ў сферах сельскай гаспадаркі і аховы здароўя.

Сёлета большасць фактаў выяўляецца пры дачы хабару спецыялістам станцый дыягностыкі транспартных сродкаў. Матэрыяльныя каштоўнасці прымаліся за садзейнічанне ў праходжанні тэхнічнага агляду транспартнага сродку, выдачу дыягнастычных карт на допуск да ўдзелу ў дарожна-транспартным руху, даведак і лістоў аб часовай непрацаздольнасці, а таксама за выпіску рэцэптаў, аказанне садзейнічання ў атрыманні станоўчых вынікаў на іспытах і г. д.

Як піша сайт мясцовай раёнкі braslav-star.by, у залі было відаць, што жыццёвыя прыклады і падрабязны аналіз карупцыйных выпадкаў уразілі прысутных у зале.

Падчас мерапрыемства начальнік упраўлення райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіна Караткова распавяла прысутным, на якую дапамогу могуць разлічваць шматдзетныя сем'і, колькі іх у раёне, як можна выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу, а таксама згадала пра дадатковае пенсійнае страхаванне.

Вынікі так званага адзінага дня інфармавання падвяла старшыня браслаўскага райсавета Ніна Пучынская. Яна падкрэсліла, што для Браслаўскага раёна, як і для ўсёй краіны, сацыяльная накіраванасць у дзяржаўным развіцці з`яўляецца прыярытэтнай.

“Людзі, іх дастатак, дабрабыт, уключаючы медыцынскае абслугоўванне, - галоўнае, што хвалюе сёння мясцовую ўладу”, - падсумавала чыноўніца.

Але за чый дабрабыт на самой справе хвалююцца чыноўнікі? Думаю, што не толькі браслаўчане ведаюць адказ на гэтае пытанне.

Ніна Фірсава