Спартоўцаў усяляк пераконвалі, што яны - «твар краіны», але нават яны не ўстаялі перад ціскам на спартовую галіну, якой «дзяржава шмат дала». На іх імёнах «ворагі» нібыта імкнуліся зрабіць піяр-кампанію.
Паказальна, што размова са спартовай супольнасцю адбылася неўзабаве пасля скандальнага выпадку ў Лепелі: з тамтэйшай спартовай школы звольнілі цэлую сям“ю Паповых – трэнераў па дзюдо і самба. Георгія, Галіну і Аляксея Паповых звольнілі нібыта за прагулы – за 10 сутак аршыту, якія трэнеры адбылі па рашэнні суду, бо ўсіх траіх прызналі вінаватымі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Бацьку, маці і сына асудзілі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Яшчэ адзін сын, чэмпіён свету і Еўропы, чэмпіён першых Еўрапейскіх гульняў па самба Сцяпан Папоў, зараз жыве ў замежжы. У 2020г. ён у ліку іншых спартоўцаў падпісаў адкрыты ліст з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў, і ў лістападзе 2020г. быў звольнены з працы ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі».
Уладзімір Азяркоў