Яны азнаёміліся з вытворчым працэсам і фінансавай дзейнасцю прадпрыемства і паставілі перад прадпрыемствам задачы на будучае.
Намеснік прэм’ер-міністра зазначыў, што іх спецыялісты паспяхова авалодалі ведамі па ўсіх напрамках вытворчасці і сёння завод не залежыць ад кампаній, якія дапамагалі на этапе будаўніцтва і запуску прадпрыемства. Паводле чыноўніка, заводу ўдалося перажыць складаныя часы і застацца на плыву.
“За апошні год нам удалося многае, упэўнены, што мы і далей будзем прырастаць. Выручка накіроўваецца на тэхнічнае пераўзбраенне. Задача - забяспечыць больш дынамічнае развіццё прадпрыемства. Першаснае абсталяванне павінна працаваць на вадародзе, над гэтым зараз працуем”, - сказаў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык
Як зазначае мёрская раёнка, сёння тут працуюць 750 чалавек, усе яны - сябры дзяржаўнага прафсаюза, які быццам абараняе іх у сацыяльным плане.
Але, па звестках таго ж выдання, у чэрвені гэтага года там працавала на 5 чалавек больш. Зразумела адразу, як працуе ў гэтым выпадку прафсаюз і як ён абараняе сваіх супрацоўнікаў.
Металапракатны завод на Мёршчыне пачаў сваю гісторыю з 2012 года. У 2020-м там атрымаў першую прадукцыю.
Будаваўся ён пад еўрапейскі рынак, але з закрыццём межаў і з-за санкцыяў уладам давялося шукаць новыя рынкі збыту. Стратэгічным партнёрам стала Расія, куды адпраўляецца каля 80% прадукцыі.
У Беларусі спажываюць усяго каля 30 тысяч тон белай бляхі пры планаванай магутнасці завода 150 тысяч.
Сёлета за першае паўгоддзе аб'ём вытворчасці металапракатнага завода ў Мёрах склаў толькі крыху больш за 34,5 тысячы тон.
Мёрскія ўлады штораз на кожнай імпрэзе, звязанай з гэтым заводам, падкрэсліваюць, што галоўнае, каб завод заставаўся на плыву, бо там час ад часу ўзнікае шмат розных цяжкасцяў.
Эдуард Галаванаў