Нядзеля, 20 Жнівень 2023

Супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС правёў «лікбез» пра адказнасць за абразы. У тым ліку на адрас міліцыянтаў і прэзідэнта

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Артыкул, які з’явіўся ў раённай газеце «Зара», прысвечаны як маральна-этычнай праблематыцы, так і непасрэдным тлумачэнням, якое пакаранне прадугледжвае беларускае заканадаўства за абразу службовых асобаў, прадстаўнікоў улады і прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра ўсё гэта чытачам распавёў Уладзімір Барсукоў, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Мяркуючы па ўступе і заключэнні артыкула, мясцовыя жыхары істотна незадаволены працай дзяржаўных службоўцаў, і часта не хаваюць гэтага незадавальнення, выказваючы яго асабіста або ў інтэрнэт-прасторы.

«Часам здаецца, што іншыя людзі не разумеюць глыбіню вашай праблемы. Зразумела, што пры звароце ў дзяржаўны орган хочацца атрымаць імгненны адказ і вырашэнне пытання. Але для атрымання адказаў існуюць абумоўленыя заканадаўствам тэрміны. Іншым разам у супрацоўніка дзяржаўнага органа і грамадзяніна не супадаюць погляды на вырашэнне пытання, і тады здараецца канфлікт», -- здалёк пачынае супрацоўнік міліцыі.

Далей ён тлумачыць, чым адрозніваюцца юрыдычныя тэрміны «абраза» і «паклёп», і чым адрозніваюцца хамскія паводзіны ўвогуле ад мэтанакіраванага памкнення абразіць чалавека. Уладзімір Барсукоў цытуе артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства, распавядаючы, што пакаранні за абразы адрозніваюцца тым, каму яны адрасаваныя. Прыкладам, абраза лекара ці настаўніка падчас выканання службовых абавязкаў можа пацягнуць абвінавачанне паводле адміністрацыйнага заканадаўства – паводле арт. 10.2 КаАП, ці нават як за дробнае хуліганства – паводле 19.1 КаАП. З абразу дзяржаўнага службоўца можа быць прыменены арт. 24.4 КоАП, які прадугледжвае пакаранне досыць вялікім штрафам – ад 20 да 30 базавых велічыняў. Калі гэта здарылася у публічнай прасторы – у СМІ ці ў інтэрнэце, то памер штраф будзе яшчэ большы – да 100 базавых велічыняў.

Аднак зусім іншая справа, калі вядзецца пра абразу міліцыянта. Гэта разглядаецца ўжо як крымінальнае злачынства. Паводле арт. 369 КК, вінаватаму могуць прысудзіць пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, часам са штрафам. За абразу Аляксандра Лукашэнкі пакаранне паводле арт.368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі яшчэ больш суровае – да 4-х гадоў пазбаўлення волі.

Асобна Уладзімір Барсукоў звяртае ўвагу на абразы ў інтэрнэце. Маўляў, калі ананімны карыстальнік пад незразумелым нікам абражае другога такога ж карыстальніка, які не ўказвае сваіх сапраўдных дадзеных, то давесці факт абразы не атрымаецца. А калі абраза адрасная, калі чалавек абражае канкрэтнага дзяржаўнага службоўца ці міліцыянта, то пазбегнуць адказнасці будзе немагчыма.

Напрыканцы спрацоўнік Бешанковіцкага РАУС раіць усім землякам заставацца ў добрым гуморы, пакідаць кепскі настрой за парогам, звяртаючыся ў дзяржаўныя органы, і «настроіцца на канструктіыўны дыялог, які ў выніку прыводзіць да прыняцця абгрунтаванага рашэння».

Станіслаў Іваноўскі