Аўторак, 30 Красавік 2019

“Ого!” Міхаіл Мацкевіч расказаў, як у 90-я фармавалася беларуская дзяржава

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Міхаіл Мацкевіч Міхаіл Мацкевіч

Днямі ў Віцебску зь лекцыяй “Як гэта было, ці Станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў 90-я” выступіў вядомы беларускі палітоляг, памочнік дэпутаткі Алены Анісім і праваабаронца Міхаіл Мацкевіч. Сустрэча прайшла ў межах адукацыйнага праекту “ОГО” ў Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы.

Яго 90-я

Перш чым гаварыць пра 90-я, Міхаіл Мацкевіч распавёў пра сябе.  Ён родам са Стоўбцаў, нарадзіўся ў 1989 годзе. Памочнікам дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім працуе на грамадзкіх пачатках. Працуе таксама ў праваабарончай арганізацыі “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю”.

Міхаіл папярэдзіў, што падчас лекцыі ня будзе дэбатаў, агітацыі, акадэмізму, ня будзе аб'ектыўнай ацэнкі – толькі ягоная ўласная інтэрпрэтацыя падзеяў. Такім чынам, прысутныя мелі магчымасьць паглядзець на падзеі вачыма чалавека, які рос і сталеў разам з беларускай дзяржавай.

Лекцыя пачалася з паказу анімацыйнага фільму “Будзьма беларусамі!”, стваральнікі якога ў 5-хвінінным роліку здолелі распавесьці пра тысячагадовую гісторыю Беларусі.

Падзеі ў мультфільме заканчваюцца 1991 годам, і гэта, па словах Міхаіла Мацкевіча, яшчэ адно сьведчаньне складанасьці пэрыяду 90-х для якой-кольвек інтэрпрэтацыі.

Эпоха магчымасьцяў

“На мой погляд, калі размова заходзіць пра 90-я, адразу паўстае цэлая эпоха. У адрозьненьні ад 90-х, складана гаварыць пра “эпоху 2000-х”, бо няма там нейкага перчыку, цымусу. 90-я ж ва ўсім сьвеце прыгадваюць як эпоху магчымасьцяў. Для адной шостай часткі сьвету адчыніліся межы, зьявіліся новыя дзяржавы, для мільёнаў савецкіх людзей пачалося новае жыцьцё…” – казаў Міхаіл Мацкевіч.

1990-я, у візіі палітоляга, паўстаюць эпохай, багатай на падзеі і асобаў. Паводле выступоўцы, праўда пра Курапаты, якая адкрылася дзякуючы артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці” (1988), ды ўтварэньне БНФ (1989) сталі бадай што найгалоўнейшымі каталізатарамі тагачаснай грамадзкай актыўнасьці. Яны запусьцілі многія сацыяльна-палітычныя працэсы ў краіне. 

З калейдаскопу падзеяў 90-х лектар вылучыў:

  • Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР (27 ліпеня 1990 году).
  • Жнівеньскі путч 1991 году.
  • Абвяшчэньне Дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі (25 жніўня 1991 году).
  • Прыняцьце закону “Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь” і “Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь” (19 верасьня 1991 году).
  • Падпісаньне Белавескіх пагадненьняў у Віскулях (8 сьнежня 1991 году).
  • Прыняцьце Канстытуцыі Беларусі (15 сакавіка 1994 году).
  • Першыя выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (23 чэрвеня 1994 году).
  • Першы рэфэрэндум у гісторыі сувэрэннай Беларусі (14 мая 1995 году).
  • Рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю (24 лістапада 1996 году).
  • Зьнікненьне бязь зьвестак Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага...

Навошта казаць пра 1990-я?

Пасьля лекцыі Міхаіл Мацкевіч гэтак пракамэнтаваў неабходнасьць сёньня гаварыць пра 90-я:

“Гэты пэрыяд ня вельмі вядомы адрэзак гісторыі Беларусі, асабліва для пакаленьня, якое тады нарадзілася. Пакаленьне 90-х не ўсьведамляе, што ўсе тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца ў краіне, мэтады прыняцьця рашэньняў альбо мэтады вырашэньня канфліктаў у беларускай палітыцы, калі такая наогул існуе, маюць свае карані наўпрост адтуль”, – мяркуе Мацкевіч.  

“Пры ўзьнікненьні чарговага вітку лібэралізацыі ў асяродзьдзі маладых палітыкаў ці людзей з некамэрцыйнага асяродку ўзьнікае спадзеў на перамены.  І гэта адбываецца таму, што людзі ня ведаюць сучаснай гісторыі Беларусі. А яна нам якраз кажа, што асобы, якія прымаюць рашэньні ў гэтай краіне, зьмяняцца ня будуць, бо яны самі стварылі існую тут сыстэму”, – дадаў. 

Арганізатарка імпрэзы Яўгенія Пачэпка нагадала прысутным, што адукацыйны праект “ОГО” зьяўляецца валянтэрскім і да яго заўжды можна далучыцца.

С. Горкі