Уражвае цынічная ўпартасьць уладаў абвяргаць, што знойдзеныя ў лясным масіве парэшткі належаць ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Аднак калі не прызнаваць гэты факт за аб'ектыўную рэальнасьць, то якім масавым псыхозам тады можна вытлумачыць сьведчаньні больш як трыццаці мясцовых жыхароў, публічна заявіўшых, што з даваенных часоў усе вяскоўцы ведалі: побач зь вёскай расстрэльвалі гэтак званых «ворагаў народу». Заключэньне старшага навуковага супрацоўніка АН Алега Іова, які разам з вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну браў удзел у эксгумацыі парэшткаў і які перакананы, што ў магілах косткі рэпрэсаваных, таксама ігнаруецца.
Увосень 2016 году на вайсковым пахаваньні №4429, што на станцыі Лужасна, улады ўжо пахавалі парэшткі 172-х невядомых асобаў, паднятых за год да таго ва ўрочышчы Хайсы вайскоўцамі пошукавага батальёну. Тады ці то ад неўсьвядомленага страху, ці то ад жаданьня схаваць магілы як мага далей ад чалавечых вачэй, іх пахавалі ў нязручным для наведваньня месцы.
Сёлета парэшткі «мірных грамадзянаў» пахавалі на грамадзянскіх могілках, бліжэй да цывілізацыі, дзе, паводле казённай лёгікі ці зь нейкіх ідэалягічных прычынаў, ім самае месца. На жалобную цырымонію, як і двума гадамі раней запрасілі толькі ідэалягічна правераны кантынгент з «прадстаўнікоў раённай улады, вайскоўцаў, мясцовых жыхароў ды моладзі». Быў на мерапрыемстве і праваслаўны сьвятар. Лягічна было б запрасіць і каталіцкага ксяндза, але не запрасілі. Відаць, асаблівай веры да прадстаўнікоў рымскага хрысьціянства ў тутэйшага кіраўніцтва няма.
Як вынікае з паведамленьня на сайце названай газэты, прадстаўніца райвыканкаму падчас свайго выступу падкрэсьліла, што «архіўна-дасьледчыцкая і пошукавая праца па выяўленьні дакладнага часу пахаваньня нявінна забітых грамадзянаў працягнецца», але ніводнай згадкі пра ахвяраў сталінізму ў тэксце вы ня знойдзеце. Прычым націск зроблены чамусьці нават не на ахвярах войнаў, якім згодна з афіцыйнай вэрсіяй і належаць парэшткі, а на ахвярах узброеных канфліктаў. Але тое дробязі – галоўнае, што ў нас «ніхто не забыты і нішто не забытае». Шмат казёншчыны ў выступах, у ацэнках, ва ўчынках ды мала шчырасьці і праўды.
Кажа кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:
– Грамадзянская супольнасьць Віцебшчыны абураная. Ідэалягічныя нашчадкі тых, хто ўжо аднойчы без суду і сьледзтва таемна забіў гэтых людзей, цяпер чыняць супраць іх гістарычную несправядлівасьць. Мірыцца з гэткімі фактамі мы не зьбіраемся. Па ўсёй Беларусі ўлады аднолькава абыякава ставяцца да памяці ахвяраў сталінізму. Тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах у сувязі з пабудовай забаўляльнага комплексу, і тое, што адбываецца вакол парэшткаў рэпрэсаваных у Хайсах – падзеі аднаго сутнаснага парадку. Знаходкі ў Курапатах ужо аднойчы ўскалыхнулі ўсю краіну, і дарэмна ўлады ігнаруюць сакральнае стаўленьне беларусаў да сваіх продкаў, тым больш да несправядліва забітых у выніку дзяржаўнага тэрору.
С. Горкі